ВЫЦІСКАЮЧЫ КРОЎ З КАМЯНЯ

Пад такою назваю нядаўна зьявіўся на інтэрнэт-старонцы латышоў у ЗША LatvіansOnline.com артыкул прадстаўніцы латыскай грамады ў Аўстраліі. Дайна Грос выступае ў ім зь мяркаваньнямі пра пэрспектывы латыскай дыяспары ў Воль-ным сьвеце, якія могуць быць карысныя й для беларусаў.

Даючы аналіз стану латыскай дыяспары ў англамоўных краінах, Дайна Грос сьцьвярджае, што нягледзячы на параўнальна даволі густую сетку латыскіх нядзельных школак, толькі менш за 20% тых, што скончылі гэтыя школкі, застаюцца ў кантакце з латыскім асяроддзем. Асноўная праблема - асіміляцыя, калі дзяцей і ўнукаў эмігрантаў цалкам паглынае жыцьцё краіны, дзе яны нарадзіліся, а латыскасьць, у лепшым выпадку, зводзіцца да нерэгулярнага наведваньня імпрэзаў і латыскіх цэркваў.

Крытычнае значаньне для захаваньня й пераемнасьці латыскага грамадскага жыцьця маюць бацькі й школа. Безу-моўна, ужо больш за 50 гадоў таму, як латышы эмігравалі на Захад, і час робіць сваю справу. Цяжка чакаць ад дзяцей і ўнукаў эмігрантаў, што ня ведаюць гістарычнай бацькаўшчы-ны, гэткай жа адданасьці, якую захавалі бацькі й дзяды.

За апошнія некалькі дзясяткаў гадоў праз латыскую эмігранцкую адукацыйную сістэму прайшлі сотні дзяцей, народжаных ў Брытаніі, ЗША, Канадзе або Аўстраліі. Дзеці штотыднёва хадзілі на заняткі, вучылі мову, бавілі вакацыі ў латыскіх летніках і г.д. Нават калі-б толькі частка таго, чаму яны вучыліся ў латыскіх школках, засталася недзе глыбака ў душы, можна было-б спадзявацца, што яны захаваюць цікавасьць да краіны бацькоў і дзядоў, а гэта якраз і ёсьць мэта, зь якой ствараліся латыскія школкі на выгнаньні.

Але ці захоўваюць былыя вучні гэтых школак кантакты зь іншымі латышамі? Ці лічаць сябе латышамі, ці цікавяцца Латвіяй? Ці наведвалі або плянуюць наведаць краіну продкаў, каб адчуць, што па-латыску гавораць ня толькі бацькі ды купка знаёмых? (Тут у іх, непараўнальная розьніца зь Беларусьсю, адкуль нашчадкі беларусаў, што жывуць на Захадзе, прывозяць не гонар за край бацькоў, а сорам і горыч).

Часьцяком бацькі ёсьць прычынай таго, што адказ на ўсе вышэйпазначаныя пытаньні - адмоўны. Бацькі (або, калі мяшаны шлюб, адзін з латыскамоўных бацькоў) звычайна гавораць зь дзецьмі на мове краіны, дзе яны жывуць, думаючы, што так ім будзе лягчэй камунікаваць, і гэта дасьць маладым магчымасьць лепш прыстасавацца ў краіне. І адпаведна прыдбаць лепшае сацыяльнае становішча. Латыская адукацыя у гэтым сэнсе лічылася непатрэбнай і нават шкоднай. Таму, калі дзіця нават і хадзіла ў латыскую школку, брак падтрымкі з боку сям'і зводзіў на нішто зацікаўленасьць у сваёй латыскай тоеснасьці.

Дайна Грос далей прыводзіць сваю галоўную думку: "Без цікавасьці й падтрымкі з боку сям'і й бацькоў, надзея на дасягненьне латыскімі школкамі іхных мэтаў - немагчымая, усё роўна як выціскаць кроў з камяня".

Беларускі чытач знойдзе тут шэраг знаёмых рэчаў. Асімі-ляцыя аднолькава закранае прадстаўнікоў усіх эмігранцкіх грамадаў у ЗША й Вольным сьвеце наагул. Розьніца - і вельмі вялікая! - палягае ў спосабах, што тыя грамады су-працьстаўляюць асіміляцыі. І тут свая школа мае вырашаль-ную ролю. Гэта мы бачым і на сваім уласным, беларускім прыкладзе. За нейкіх 10 гадоў існаваньня беларускіх школаў у Нью Ёрку, Нью Брансьвіку, Чыкага, Кліўляндзе ды іншых месцах, выгадавалася пакаленьне чынных беларускіх дзеячоў. Іх можа ня гэтак шмат, як хацелася-б, але яны ёсьць, і яны дзеюць для беларускасьці.

З ростам апошнім часам іміграцыі беларусаў у ЗША ды іншыя краіны ўжо сёньня варта падумаць пра пераемнасьць беларускай сьвядомасьці й беларускага грамадскага жыцьця. Трэба думаць і пра ўзнаўленьне школьніцтва. І тут карысны досьвед і нашых людзей, а таксама й латышоў - суседзяў нашых як у Эўропе, так і ў Амэрыцы ды іншых краёх.

Дайна Грос не дае гатовых парадаў і рэкамэндацыяў, але зьвяртаецца да былых вучняў школак, каб яны адгукнуліся й распавялі пра свой досьвед, што ім замінала ў вучобе, а што стымулявала яе, якія былі дачыненьні зь іншымі вучнямі, ці карыстаюцца яны надалей мовай бацькоў.

Добра было-б і нам пачуць ад былых вучняў беларускіх школак, і не толькі пра вучобу, а й наагул пра жыцьцё бела-рускіх амэрыканцаў другога й наступных пакаленьняў, бо такіх амэрыканцаў большае, і ад іх залежыць будучае беларускае жыцьцё ў ЗША ды Вольным сьвеце, у які й сёньня, нажаль, не ўваходзіць нашая шматпакутная Бацькаўшчына.

Віталь Зайка