Канцэрт Віктара Шалкевіча

21-га ліпеня ў Саборы Сьв. К. Тураўскага ў Брукліне адбыўся канцэрт вядомага беларускага барда й актора з Горадні Віктара Шалкевіча. Сьпявак стаў сымбалем інтэлектуальнага супраціву дыктатуры Лукашэнкі, сымбалем змаганьня супраць вынішчэньня беларускай культуры. Альбомы Шалкевіча, асабліва, "Балады і рамансы" й "Смутны беларускі блюз" шырока разышліся сярод беларусаў на Бацькаўшчыне й на эміграцыі. Некаторыя песьні, напрыклад, "Жлобская нацыя", былі па-рознаму ўспрынятыя слухачамі. Іншыя-ж, як "Грунвальдзкія сьцягі", "Балада пра таварышча Сапегу", "Ціхі анёл" атрымалі прызнаньне адразу й ад усіх.

Сярод думак Шалкевіча, якія гучаць і ў ягоных песьнях, і ў гутарках са слухачамі, ёсьць такія: "бяз вашага крыку ўстане з каленяў занядбаны, забіты народ", "годзе зноў яго гнаць пад чарговыя танкі пад чарговыя штандары ўціскаць". Пазыцыя барда такая - "людзі, давайце глянем на сьвет, на сябе, што мы можам зрабіць сёньня на сваёй ніве; я спадзяюся што й мае песьні змусяць зазірнуць у сябе, палюбіць свой край, ягоных людзей і рабіць ім дабро". Шалкевіч ня любіць высокіх словаў і пафасу. Для яго сымбаль беларускага патрыёта - невялікая шэрая птушка жаўрук, якая кожны год ляціць ў Беларусь і віе сабе гняздо.

На канцэрце прагучала шмат песень, старэйшых і новых, сярод іх "Гарадоцкі раманс", Патрыятычная полька", "Ганка з Пагулянкі". Шмат у якіх песьнях усплывае тэма эміграцыі, "Смутны беларускі блюз", "Песьня пра Касю ў Брукліне". Кожную песьню слухачы ўспрымалі вельмі цёпла. І як кожная песьня барда Шалкевіча ёсьць падзеяй ў беларускім культурным жыцьці, гэтак і канцэрт сьпевака перад суродзічамі ў Нью Ёрку ёсьць вялікай культурнай падзеяй для мясцовых беларусаў. У Нью Ёрк сьпявак прыехаў з Чыкаго, а напрыканцы тыдня будзе ягоны канцэрт ў Бостане.

В. Зайка