ІІІ Міжнародны Кангрэс беларусістаў

24-га траўня ў Менску завершыла працу сэсія ІІІ Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Асноўны вынік палягае ў пераадоленьні спробаў уладаў зьнішчыць гэтую арганізацыю.

Выбары кіраўніцтва асацыяцыі сталі кульмінацыйнаю часткаю трохдзённага форуму. Да іх старанна рыхтаваўся й аргкамітэт кангрэсу, і беларускія ўлады. У пляны апошніх ўваходзіла задача зрыву Кангрэсу, але калі да ягонае падрыхтоўкі далучыліся UNESCO ды іншыя міжнародныя структу-ры, улады ўзялі тактыку на зьмену кіраўніцтва асацыяцыі.

Ініцыятар ейнага стварэньня ды шматгадовы прэзыдэнт Адам Мальдзіс не задавальняе сёньняшнюю ўладу краіны сваім высокім міжнародным навуковым рэйтынгам ды аўтарытэтам. Перад пачаткам кангрэсу і ў кулюарах нефармальныя, так бы мовіць, прадстаўнікі ўладаў спрабавалі розным чынам узьдзейнічаць на дэлегатаў, аднак ані дробны подкуп, ані адкрыты шантаж ня меў посьпеху. У выніку галасаваньня прафэсар Адам Мальдзіс зноў абраны прэзыдэнтам.

Беларусісты - гэта не абавязкова беларусы, і часьцей за ўсё не беларусы. Гэта прадстаўнікі розных народаў, якіх вабіць беларуская культура, літаратура, мова, гісторыя, мастацтва, і якія самааддана й бескарысьліва служаць ёй. Такіх самаах-вярнікаў асацыяцыя беларусістаў, якая была створаная 9 гадоў таму, налічвае зараз каля 700 асобаў з 24 краінаў сьвету.

Але людзей, якія самахоць зацікавіліся беларусістыкаю, значна болей, і камітэт Асацыяцыі не заўсёды іх нават ведае. Так было і з Куртам Вулхайзэрам, прафэсарам аднаго з амэрыканскіх унівэрсытэтаў, які некалькі гадоў таму захапіўся беларускаю культураю. Захапленьне перарасло ў сталае навуковае зацікаўленьне, якое й прывяло на ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў, дзе яго абралі віцэ-прэзыдэнтам.

Яшчэ адным віцэ-прэзыдэнтам Асацыяцыі абраная швайцарка Моніка Банькоўскі-Цюліг. Гадоў зь дзесяць таму сп-ня Моніка натрапіла ў гарадзкой бібліятэцы Цюрыха на беларус-кія кніжкі, а цяпер яна ўжо вядзе сэмінар па беларускай літаратуры для студэнтаў Цюрыхскага ўнівэрсытэту, а зараз будзе яшчэ й каардынатарам беларусістаў Заходняе Эўропы.