Рыхтуецца новая кніга

"Хроніка беларускага жыцьця на чужыне. 1945-1984 гг." Міколы Панькова - гэта падрабязнае, літаральна па днёх, апісаньне дзейнасьці беларусаў на эміграцыі. Сходы, зьезды, імпрэзы, даклады, навуковыя рэфэраты, мэмарандумы, фэсты, кнігі й пэрыёдыкі. М. Панькоў зафіксаваў большасьць беларускіх падзеяў, што адбыліся ў ЗША, Канадзе, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Францыі, Бэльгіі, Аўстраліі, Італіі, Аўстрыі, Гішпаніі. Тым самым кніга ёсьць найкаштоўнейшым дапаможнікам па гісторыі эміграцыі й, па-просту, цікавым даведнікам і чытвом, як у Беларусі, так і ў вольным сьвеце.

Хроніка будзе дапоўненая прамовамі Лявона Юрэвіча (пра аўтара кнігі) і Алега Гардзіенкі (пра гісторыю паваеннай беларускай эміграцыі й гістарыяграфію праблемы), геаграфічным і велізарным іменным паказальнікам. Аб'ём кнігі плянуецца ў межах 370-400 старонак.

Плянуецца аздобіць кнігу фотаздымкамі дзеячоў эміграцыі (слынных і невядомых шырокаму колу), тагачасных выданьняў ці каштоўных лістоў. Кожны год будзе адчыняцца ілюстрацыяй. Мяркуемы наклад кнігі 300 асобнікаў. Плянуецца, што кніга пабачыць сьвет да канца восені 2001 году.

Жадаючыя ахвяраваць грошы на выданьне кнігі, і тым самым паспрыяць яе хучэйшаму друку, а потым атрымаць адзін асобнік бясплатна, пішыце прадстаўніку выдаўцоў на адрас:
Victor Kaminski, 3720 Ferry Hights, Fair Lawn, NJ 07410