Майкл Козак прыступіў да працы

У Менск прыбыў новы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Ён ужо чацьверты амэрыканскі амбасадар Беларусі пасьля Дэйвіда Сўорца, Кэнэта Ялавіца й Дэніэла Спэкгарда. Амбасадар сказаў журналістам, што зь нецярпеньнем чакаў гэтае місіі больш як год, і цяпер яна стала рэальнасьцю. Бліжэйшым часам ён спадзяецца наведаць усе рэгіёны краіны.

Сп. Козак дадаў, што праца ў Беларусі паспрыяе вывучэньню багатае культуры краіны, якая дала больш, чым можна было меркаваць паводле ейных памераў, усясьветна вядомых мастакоў, пісьменьнікаў і, што засьведчыла апошняя Алімпіяда, спартоўцаў. Майкл Козак наважаны глыбей вывучаць беларускую гісторыю, што была, на ягоную думку, насычаная як трагічнымі пэрыядамі ўварваньняў і рэпрэсіяў, гэтак і гераічным змаганьнем за свабоду ды чалавечую годнасьць.