У Нью Ёрку адзначылі Купальле

У ноч з 24-га на 25-е чэрвеня беларусы Нью Ёрку пасьля доўгага перапынку зноў адзначалі Купальле, старажытнае, маляўнічае сьвята ў гонар летняга сонцавароту, насычанае прыгожымі звычаямі. Купальле вядома ўсім народам Эўропы. Пачынальнік славянскае фальклярыстыкі З. Даленга-Хадакоўскі, які жыў на пераломе ХVIII і ХІХ стагодзьдзяў, сьведчыў, што нашыя землі некалі літаральна палалі купальскімі вогнішчамі.

Цяжка сказаць, ці адбылося-б гэта, калі сярод нас ня было такое адданае прыхільніцы народных традыцыяў, як сп-ня Валя Якімовіч. Толькі дзякуючы яе намаганьням змаглі мы перажыць тыя пачуцьці, якія напаўнялі душы многіх пакаленьняў нашых продкаў каля купальскіх вогнішчаў.

Шкада, што далёка ня ўсе жадаючыя змаглі прыехаць, каб правесьці тую ноч у Белэр-Менск. Ад Нью Ёрку туды трэба дабірацца добрых дзьве гадзіны на машыне. Каму не дазволіў гэтага зрабіць працоўны расклад, каму адсутнасьць транспарту. Але можна з упэўненасьцю сказаць, што на наступны год купальскія вогнішчы зьбяруць значна больш людзей, бо тыя, хто ў беларускіх строях хадзілі ў карагодзе сёлета прыедуць туды абавязкова і запросяць таксама на сьвята сваіх сваякоў і знаёмых.

Няхай Купальле будзе для нас прыгожым напамінам, што сонейка, сьвятло заўсёды перасільвае цемру ночы.

Марат Клакоцкі