СЬВЯТКАВАНЬНЕ ЮБІЛЕЮ Ў РОДНЫМ КУЦЕ

29-га ліпеня ў цудоўным месцы пад назваю Родны кут намаганьнямі сп-ва Андрусышыных было ладжана сьвяткаваньне 85-х угодкаў зь дня народзінаў Старшыні Галоўнае ўправы БАЗА сп. А. Шукелойця. З гэтае нагоды сабралася больш за 30 асобаў, большасьць зь іх ня мела магчымасьці павіншаваць юбіляра на імпрэзе ў Гайланд Парку.

Надвор'е ў гэты дзень было вельмі спрыяльным. Пасьля віншаваньняў усе ўдзельнікі сабраліся каля вогнішча. Беларускія песьні ў выкананьні сямейства Казакоў доўга гучалі ў навакольлі. Музыкам падпявалі ўсе прысутныя. Гутаркі й сьпевы цягнуліся далёка за поўнач.

У нядзелю раніцою ішоў дождж, але настрою ён не сапсаваў. Размовы вяліся і ў хаце, і ў пад навесам на двары. Смачны абед, вялікі й прыгожы торт, сьпечаны гаспадыняю ў гонар юбіляра, келіх віна спецразьліву, зробленага для доктара У. Набагеза, віншаваньні юбіляру доўга яшчэ трымалі прысутных за сьвяточным сталом.

Вялікі дзякуй Вам, спадарства Юлі і Павала Андрусышыных за цудоўна праведзены час.

А шаноўнаму юбіляру жадаем моцнага здароў'я й усяго самага найлепшага.

А. Кузьміцкая