Вельмі паважаная рэдакцыя!
Мы вельмі ўдзячныя за рэгулярнае дасыланьне "Вестак і Паведамленьняў". Зь іх мы чэрпаем зьвесткі пра дзейнасьць і жыцьцё беларусаў у Нью Ёрку й іншых асяродках Амэрыкі. У нас у Беларусі (Баранавічы) існуюць немалыя цяжкасьці ў атрыманьні працы на пражыцьцё. Асабліва, калі ты бярэш удзел у Беларускай Справе або табе падтасоўваюць тваю біяграфію. Але калі хто мае адпаведную адукацыю, як у маім выпадку, дык можна перабівацца лекцыямі, кансультацыямі, навучаньнем студэнтаў, якія жадаюць атрымаць дыплём. Я займаюся таксама журналістыкай і літаратурай, толькі гэта ўжо амаль за свой кошт. І мая спадарожнічка, якой ганаруся, такая-ж зацятая за Беларускую Справу, як і я. Незадоўга яна скончыць вышэйшую асьвету й ёсьць надзея, што атрымае працу. Тады было-б нам лягчэй, бо трэба-ж яшчэ й нашую дачушку вучыць беларускае мовы ды перадаваць ёй спадчыну.
Яшчэ раз дзякуем за прэсу й сувязь.

Баранавіцкі