БЕЛАРУСКІЯ МАСТАКІ Ў ЗАМЕЖЖЫ

Пад гэткім загалоўкам нядаўна выйшаў памяткавы альбом пра выставы, якія на працягу 25-ці гадоў праводзіліся ў Беларускім Грамадзкім Цэнтры ў Саўт Рывэры.
Альбом адразу прыцягвае ўвагу чытача надзвычай прыгожай каляровай вокладкай, а далей густоўна зложанымі старонкамі з працамі больш дваццаці мастакоў. Тэкст у дзьвюх мовах - беларускай і ангельскай. Уступны артыкул Янкі Запрудніка "Як гэта ўсё пачалося" знаёміць чытача з ладжаньнем першае выставы ў 1973-м годзе й пазьнейшай ужо традыцыяй папулярных выставаў, якія працягваліся чвэрць стагодзьдзя.
Сьпіс удзельнікаў - гэта сапраўднае "Хто ёсьць хто" ў беларускім мастацкім замежжы. Паказаныя творы такіх шырока ведамых мастакоў, як Віктара Жаўняровіча, Пётры Мірановіча, Галіны Русак, Ірыны Рагалевіч-Дутко, Тамары Стагановіч, гэтак і шэрагу мала вядомых.
Творы, зьмешчаныя ў альбоме, таксама цікавыя сваёю размаітасьцю. Тут і настальгія па радзіме твору Тамары Стагановіч "Нясутычы - мая родная вёска" ды шэрагу зімовых матываў і непазьбежных бярозак. Тут таксама абразы сьвятароў Бандарука й Башка, сымбалічнасьць Галіны Русак і палітычныя рысункі Аляксандра Раманоўскага.
Выбраныя творы суправаджаюцца фатаграфіямі мастакоў і некалькімі іхнімі сказамі пра сябе й сваю творчасьць. Уражваюць словы мастачкі Івонкі Шыманец-Сурвіллы, цяперашняй Старшыні Рады БНР, якая брала ўдзел у розных выставах, "каб уставіць у каталог слова Беларусь, каб сказаць сьвету, што Беларусь яшчэ жыве.
Альбом заслугоўвае быць памяткай у кожнай беларускай хаце ў замежжы й можа быць судоўным падарункам нашым амэрыканскім суседзям і знаёмым. Набыць альбом можна ў Надзі Кудасавай-Запруднік, якая зьяўляецца, бадай, найбольш трывалым арганізатарам выставаў, па тэлефоне (732) 247-1822.
Цана альбому $15, альбо можна купіць тры за $30, каб менавіта іх выкарыстаць як падарункі. Увесь прыбытак прызначаны на стыпендыю студэнту мастацтва зь Беларусі.
Вячка Станкевіч