Жалобны мітынг у Нью Ёрку

26-га красавіка перад будынкам ААН адбыўся мітынг, прысьвечаны 14-й гадавіне чарнобыльскай катастрофы, арганізаваны сябрамі нью ёрскага аддзелу БАЗА. Удзельнікі мітынгу разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, выставілі плякаты й запалілі сьвечкі ў час, калі з працы ішлі супрацоўнікі сакратарыяту ААН.

На пачатку мітынгу выступіў старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка. Ён нагадаў прысутным асноўныя этапы разгортваньня трагічных падзеяў 26-га красавіка 1986 году, калі ў выніку няўзгодненага экспэрыменту на атамнай станцыі ў мястэчку Прыпяць, за 7 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы, адбыўся раптоўны перагрэў рэактару, пажар і выбух графітавых блёкаў, з якіх складаецца актыўная частка рэактару. Вынікам гэтага быў выкід велізарнага воблака радыяцыйных матар'ялаў, якое ветрам панесла на Гомельшчыну й Магілёўшчыну. Пазьней стала вядома, што радыяцыйныя аблокі былі з дапамогай кандэнсацыйных тэхналёгіяў па загаду з Масквы абсаджаныя на беларускай тэрыторыі.

Насельніцтва пацярпелых раёнаў не было сваечасова паінфармаванае пра неабходныя мэтады абароны ад радыяцыйных ападкаў. 1-га траўня паўсюдна прайшлі звычайныя камуністычныя дэманстрацыі. Потым яшчэ доўга савецкія сродкі масавай інфармацыі імкнуліся давесьці, што нічога страшнага не адбылося, здароў'ю людзей абсалютова ніякой пагрозы няма. Толькі празь некалькі месяцаў стала вядома аб прымусовай эвакуацыі людзей з 10-кілямэтровай зоны й рэкамендавана піць ёдныя прэпараты. Але тады гэта было ўжо запозна, бо радыёактыўны ёд у ападках ужо распаўся.

Прайшлі гады, пакуль грамадзкасьці стаў вядомы ўвесь маштаб катастрофы, плошча ўсіх абшараў, забруджаных радыяцыяй. Неўзабаве пасьля аварыі адбыўся рэзкі рост анкалягічных захворваньняў сярод насельніцтва забруджанай зоны, асабліва дзяцей. Камуністычныя ўлады імкнуліся зьвесьці пад палавік праўду аб наступствах чарнобыльскай аварыі, звальнялі навукоўцаў (як дырэктара Інстытуту атамнай энэргетыкі У. Несьцярэнку, што асьмеліўся патрабаваць неадкладных мераў абароны насельніцтва й абнародаваньня ўсёй інфармацыі пра радыёактыўную сытуацыю). Адсяленьне людзей праходзіла нескаардынавана, было дрэнна падрыхтаванае. Замест, каб вывозіць людзей з сельскагаспадарчымі сьпецыяльнасьцямі пераважна ў незабруджаныя сельскія раёны, іх сялілі ў, на хуткую руку збудаваныя, шматпавярховыя блёкі ў ваколіцах гарадоў - Менску, Горадні, дзе трактарыст або даярка не маглі знайсьці працу па сьпецыяльнасьці. Больш таго, будаўніцтва для перасяленцаў часта вялося ў забруджаных раёнах, адкуль людзей потым зноў трэба было эвакуяваць.

На жаль, бязглузьдзіца й абыякавасьць у стаўленьні да праблемы Чарнобылю ў савецкія часы з прыходам да ўлады Лукашэнкі яшчэ больш узмацнілася. Замест таго, каб ажыцьцявіць больш эфэктыўныя праграмы па ахове здароў'я людзей, Лукашэнка праклямаваў, што небясьпекі там ужо няма, і перасяленцам сьмела можна вяртацца на старыя месцы. Ён заяўляе, што праблема перабольшаная й выкарыстоўваецца апазыцыяй толькі для ўтрыманьня ўласнай папулярнасьці. І гэта ён сказаў у той час, калі анкалягічныя клінікі перапоўненыя хворымі дзецьмі з забруджанай зоны, калі тысячы людзей ў Брагінскім, Хойніцкім, Лельчыцкім, Краснапольскім, Веткаўскім, Рэчыцкім, Чачэрскім ды іншых раёнах ужываюць забруджаныя радыяцыяй прадукты, паляць радыяактыўныя дровы, вырошчваюць радыёактыўныя культуры й жывёлаў.

Выступоўца адзначыў, што больш за 70% пасьлявыбуховай радыяцыі асела ў Беларусі, аднак цэлы сьвет амаль нічога ня ведае пра гэта. Спробы афіцыйных беларускіх уладаў прыцягнуць увагу сусьветнага супольніцтва да праблемаў Беларусі, што рабіліся на пачатку 1990-х гадоў, цяпер зусім сьціхлі. Таму беларуская грамада Амэрыкі мусіць зноў і зноў напамінаць міжнародным арганізіцыям, урадам, усяму сьвету, што Беларусь у бядзе й ёй патрэбная дапамога. Да таго-ж існуе праблема духоўнага Чарнобылю - п'янства, нізкая мараль, выцясьненьне беларускай мовы й культуры, спробы ліквідаваць беларускую незалежнасьць.

Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць узгадаў сустрэчы з былым міністрам замежных справаў Беларусі Краўчанкам і удалыя спробы амэрыканскіх беларусаў зьвярнуць увагу сьвету на трагедыю Беларусі. Ён выказаў спадзеў, што чарнобыльская праблема будзе ўрэшце максымальна поўна разгледжаная сусьветным супольніцтвам, магчыма, толькі калі ня будзе ў Беларусі сёньняшняга рэпрэсыўнага рэжыму.

Паэт Славамір Адамовіч прыгадаў свой удзел у акцыях Чарнобыльскага Шляху мінулых гадоў у Беларусі й выказаў салідарнасьць з беларускімі людзьмі, якія 26-га красавіка зноў выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў, каб ушанаваць памяць загінуўшых ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, патрабаваць лепшага, годнага жыцьця й выказаць пратэст супраць антынароднай палітыкі Лукашэнкі. Сп. Адамовіч выказаў задавальненьне, што ўпершыню на мітынгу ня бачыць супрацоўнікаў "органаў", гатовых кінуцца разганяць дэманстрантаў.

Пад канец мітынгу быў прачытаны й ухвалены тэкст рэзалюцыі, якая будзе разасланая ў дзяржаўныя ўстановы ЗША й у міжнародныя арганізацыі.

Віталь Зайка