МЯЖА ТРЫВАЛАСЬЦІ НА ЗЛОМ
Хто ёсьць беларус, багаты ці бедны, - адгукніцеся, дапамажыце!

У канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў утварыўся першы, альтэрнатыўны камсамолу, нефармальны студэнцкі гурт "Майстроўня". Мэтай яго было адраджэньне нашае культуры праз мову й старадаўнія традыцыйныя сьвяты. Кіравала ім юная, тады яшчэ студэнтка кансэрваторыі, Ларыса Сімаковіч. Празь яе душу й талент нібы адчынілася патаемная схованка. А ў схованках, як ведама, хаваюць дзьве рэчы - скарб і зброю.

Здавалася-б, неапрацаваны фальклёр, сьвяты Гуканьня вясны, Купальля, Калядаў, на 99 адсоткаў апалітычныя, але на іх са злобнаю пыхаю накінуліся й асьцервянела тапталі камсамол, дзяржаўны друк, міліцыя й КГБ. Удзельнікаў выклікалі на допыты, пагражалі, запалохвалі. Патаемны сэнс народнай песьні, сьвет фальклёру пачаў раскручвацца як спружына, яго хапала, каб у ім жыць. Аднойчы трапіўшы ў магічнае кола беларускіх традыцыяў, людзі пачыналі разумець веліч духу нашага народу й адчуваць сябе ягонай часьцінкай.

Праз колькі гадоў утварыліся такія гурты як фальклёрны "Дзяньніца", літаратурны "Тутэйшыя", гістарычна-краязнаўчы, які ператварыўся ў палітычны "Талака" ды іншыя. "Талака" пашырала ідэю неабходнасьці эканамічных рэформаў і шматпар-тыйнай сістэмы ў Беларусі. Падобныя гурты пачалі ўзьнікаць паўсюдна. Стварылася арганізацыя "Супольнасьць", а ўвосень 1988 году паўстаў БНФ, мэтай якога была незалежнасьць Беларусі. Так нацыянальная культура праз мову й старажытны традыцыйны фальклёр ператварылася ў зброю нацыянальнай самасьвядомасьці й адраджэньня духу. І як вынік - стварэньне незалежнай Рэспублікі Беларусь! Вось чаму нашым ворагам так муляць нашыя мова й чысты неапрацаваны фальклёр.

І Ларыса Сімаковіч адыграла ў гэтых падзеях далёка не апошнюю ролю. Пра тое, якія ганеньні й перасьледы перанесла гэтая прыгожая, танюткая, плястычная, надзіва таленавітая й мужная жанчына можна напісаць раман. Яна тры разы скончыла кансэрваторыю й мае дыплёмы харавога дырыжора, кампазытара й харэографа. Апошні зь іх атрымала ўжо ў даволі сталым веку.

У часы СССР за нацыяналізм, прапаганду рэлігійных абрадаў, арганізацыю першай вулічнай акцыі супраць руйнаваньня бу-дынка першага Беларускага тэатру яе адлічылі з трэйцяга курсу кампазытарскага аддзяленьня кансэрваторыі, фактычна забаранілі мысьліць і дзейнічаць самастойна. Толькі пазьней яна змагла скончыць адукацыю. Яна кіравала гуртом "Дзяньніца". У гады беларускай незалежнасьці працавала хормайстрам Беларускага радыё й тэлебачаньня, стварыла з трохгадовых дзетак фальклёрны тэатар "Госьціца" , які на Першым нацыянальным конкурсе сучаснай харэаграфіі ў Віцебску заняў першае месца.

У 2000 годзе адбыўся сольны канцэрт Ларысы Сімаковіч. Яна некалькі гадоў мэтанакіравана працавала над сваім вакалам. Яе цудоўнае лірыка-калярытнае сапрана скарылі вяршыні сусьветнага бэльканта, Гэндэля, Чайкоўскага, Пучыні... Яе дасягненьні ў розных сфэрах музычнага мастацтва неаспрэчныя. Яна злучы-ла неспалучальнае - старажытны фальклёр з прафэсыйнай музыкай і харэаграфіяй, яна сама сьпявае й танцуе ў пастаноўках.

За 20 гадоў творчай дзейнасьці Ларыса Сімаковіч напісала музыку для спэктаклю "Калыска чатырох чараўніц", некалькіх фільмаў Віктара Шавялевіча, сымфонію, сымфанічныя карціны "Мураванка" й "Пачатак роду", пастараль "Зьвеставаньне", інструмэнтальныя п'есы, шмат твораў для зьмешанага складу хору й мноства песень. З усяго пералічанага ў радыё ці тэлеэтэры гучалі толькі музыка да фільмаў і спэктаклю.

Яна стварыла для "Госьціцы" харэаграфічныя мініятуры "Яблычны Спас" і "Шляхамі ў вечнасьць", а таксама шэсьць аднаактавых балетаў, стварыла ад пачатку й да канца, ня толькі музыку, але харэаграфію й пастаноўку. Толькі балет "Жах", які мае падзагаловак "Сучасная байка", і ўвесь пабудаваны на аўтэнтычных прыказках, прымаўках і песьнях спалучаных з харэаграфіяй у стылі фолк-мадэрн і працяты трагічным сьветаадчуваньнем, быў аднойчы паказаны на канцэрце ў філармоніі. Паглядзець гэтыя харэаграфічныя творы немагчыма, бо тэатар "Госьціца" амаль не выступае, хоць і існуе пры Беларускім тэлебачаньні. Апошні раз іх здымалі ў 1998 годзе, ды й тое фрагмэнтальна ў рамках фэстывалю. У 1999 годзе Ларысе Сімаковіч нават не прыслалі запрашэньне на чарговы фэстываль сучаснай харэаграфіі. У фальклёр-тэатру няма мэнаджэра, бо яго заробак толькі 20 даляраў на месяц. Сама Ларыса Сімаковіч аддае свой талент, сілы й здароў'е зарабляючы каля 40 даляраў.

І раптам як землятрус - чалавек застаецца адзін пад завалам. Нядаўна ў Ларысы Сімаковіч пачаліся праблемы са здароў'ем. Каб выжыць, трэба зрабіць апэрацыю, якая каштуе тры тысячы даляраў Дзе іх узяць? Пакуль яна яшчэ трымаецца на анальгэтыках, зносіць пякельны боль. А ёй усяго толькі 43 гады!

Жыцьцё даецца чалавеку разам з несьмяротнаю душою. Але можа настаць момант, і які-б мужны чалавек ня быў, ён наблізіцца да мяжы трываласьці на злом.

Нас ёсьць шмат, сяброў, знаёмцаў, прыхільнікаў яе таленту, урэшце проста беларусаў, а Ларыса Сімаковіч у нас адна. Фактычна яна - нацыянальны герой адраджэньня культуры й духу нацыі! І калі мы ня нацыя зломкаў, у рэшце рэшт, то наш абавязак дапамагчы ёй! Багатыя, сярэднія ці бедныя беларусы ЗША й Канады, дасылайце найхучэй вашыя ахвяраваньні на адрас скарбніка нью ёрскага аддзелу БАЗА на адрас:
Mr. Valeri Dvornik
172 Millspring Rd.
Manhasset, N.Y. 11030

Чэкі выпісвайце на Belarusan American Association з адзнакаю "Для Ларысы Сімаковіч".

Валя Якімовіч