СЬВ. ПАМЯЦІ

ВАЛЕРЫЯН НАВІЦКІ


нар. 12.11.1920 - пам. 15. 06. 2001

Валерыян Навіцкі нарадзіўся на Случчыне ў вёсцы Дубейкі за 3 км ад Грозава й 22 км ад Слуцку. Пра ягоны жыцьцёвы шлях можна даведацца з кнігі Л. Юрэвіча "Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі", выдадзенай сёлета ў Менску. Памятаецца тэлефонная гутарка зь ім 13-га чэрвеня. Хоць зьняможаны хваробай, ён ясна й шчыра выказаўся пра напісанае Юрэвічам, што мясцамі патрабуе пэўных паправак. А 15-га чэрвеня наш дарагі сябра, адзін з найбольш заслужаных і ахвярных лідэраў зарганізаваных беларусаў у Канадзе адышоў у вечнасьць.

Згодна ягоных успамінаў, боцьку замардавалі ў Карагандзе ў капальні медзі. Стаў ахвярай тэрору, якім пхалі случчакоў-сялянаў у калгасы.Валерыян Навіцкі настаўнічаў, скончыў слуцкі пэдтэхнікум, падчас нямецкай акупацыі кіраваў раённым аддзелам СБМ і працаваў у школе.

У Канаду Валерыян Навіцкі прыехаў у канцы 1948 году й адразу навязаў лучнасьць з беларусамі ў Тароньце. Гэтак на здымку ўдзельнікаў сьвяткаваньня ўгодкаў 25-га Сакавіка ў 1949 годзе ў Тароньце побач з Навіцкім бачым і іншых случчакоў, што былі тады асяліліся ў недалёкім Гамільтоне.

Нялёгкім аказаўся для арганізацыйнай працы той час. На "раськіданыя гнёзды" паняволенай Бацькаўшчыны маскоўскі тыран прынёс галечу, голад, генацыд. За кантакты з намі, "ворагамі народу", радні пагражала перасяленьне ў Гулаг. Калі-ж у шматабяцаючай Канадзе белапусы складалі заяву, каб надалі канадыйскае грамадзянства, тады ім тлумачылі, што беларускай нацыянальнасьці няма, пхалі іх ўраднікі ў лік палякаў ці расейцаў.

Нашыя аргагізацыі, насамперш Згуртаваньне Беларусаў Канады, адно нарадзіліся, ды адразу трапілі ў абстрэл, сталі мішэняй для тых, што пад дахам "адзінай і недзялімай" грозна мацюкаліся й агрэсыўна пагражалі, паўтараючы некалі тое валуеўскае "не было, нет і не будет!" Галасьлівыя непрадрашэнцы, салідарысты, манархісты ды рознакаліберная камуністычная дрэнь, натхняная з "цэнтраў" мела тут нанятых адвакатаў, што па-магалі абкрадаць беларусаў, якія адыходзілі ў магілы без тэстамэнтаў...

На працягу гадоў Валерыян Навіцкі сумленна працаваў у ЗБК, Крэдытовай Касе, Парафіі БАПЦ пераважна ў выканаўчых ворганах. У газэце "Беларускі Эмігрант" ягоныя артыкулы пра кэгэбісцкіх менскіх "завяртанцаў", розную бальшавіцкую й расейскую агрэсыўную мафію махляроў выдатна бічавалі адвечных ворагаў нашага народу. Мы верылі й змагаліся за вызваленьне Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах, як мага інфармавалі канадыйскія ўлады, навуковы сьвет і мідыя пра запраўдны адыёзны й антыгуманны характар і палітыку "імпэрыі зла".

Любоў роднае мовы й культуры, адказнасьць, працавітасьць, ахвярнасьць у змаганьні за ідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці у форме БНР, пашана правоў чалавека - вось дамінанты характару асобы Навіцкага. Ён ня зносіў маральных абібокаў, розных банальных пэданцікаў ці проста гультаёў, якія часта гарлапанілі пра свой патрыятызм "на плошчы дваццаць пятага сакавіка". Прыкладам для людзей сумленных быў. У гісторыі беларусаў Канады добры сьлед пакінуў.

Валерыян Навіцкі жаніўся з Натальляй Тупікавай, роджанай на нашым слаўным Палесьсі. Яна дзясяткамі гадоў сьпявала ў хоры парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага; матка дзьвёх дочак - Валентыны й Ларысы.

Паніхіду адпраўляў Высокапачэсны Першы Ярарх БАПЦ, архіяпіскап Мікалай, а яму асыставаў а. Вячаслаў у Кардынал Фюнэрал Гоўм у Тароньце вечарам 17-га чэрвеня. Паховіны адбыліся ў панядзелак на 18-е на праваслаўным могільніку Норт Ёрк.

Шчырыя нашыя спачуваньні Натальлі й дочкам у такой вялікай страце надзвычай цэннага бацькі й мужа. Мы сумуем разам зь імі і ў пашане спадзяёмся, што душа нябожчыка знойдзе супакой у Ласцы Гаспада.

Вялікая Табе, Валерыян, нашая ўдзячнасьць і Вечная Памяць!

К. Акула.