У Алена непрыемнасьці

Як стала вядома, наваполацкі сьпявак Ален нядаўна патрапіў у міліцыю пры спробе збыцьця амэрыканскіх даляраў. Сьпявак спрабаваў здаць у абменны пункт, які знаходзіцца ў гарадзкім доме гандлю, стодаляравую купюру. Дзяўчына, што працавала ў пункце абмену, заявіла, што, на яе пагляд, даляры фальшывыя, - і выклікала міліцыю. Ален нават не пасьпеў выразна патлумачыць, што грошы самыя што ні ёсьць амэрыканскія, прывезеныя зь нядаўняй паездкі ў Злучаныя Штаты.

Хутка падасьпелі міліцыянты і, ня доўга думаючы, вывелі сьпевака на вуліцу і адвезьлі ў аддзел міліцыі - усё гэта на вачах шматлікіх знаёмых. У міліцыі на затрыманага склалі пратакол, прычым акту аб канфіскацыі вышэйзгаданай купюры ніхто чамусьці не аформіў. Праз два дні Алену патэлефанавалі зь міліцыі і сказалі, што можна забраць грошы, бо, як "высьветлілася", яны аказаліся сапраўднымі. Прабачэньня за нанесеную маральную шкоду, згублены час, зразумела, ніхто не прасіў.