Навагодняя вечарына ў Нью Ёрку
У навагоднюю ноч з 31-га сьнежня на 1-е студзеня ў сьвяточна ўдэкараванай грамадзкай залі царквы Сьв. Кірылы Тураўскага на 104 Атлянтык Авэню ў Рычманд Гіл беларуская грамада Нью Ёрку й ваколіцаў адсьвяткавала надыход Новага 2002-га году.
А 10-й гадзіне ўвечары ў залі сабралося больш за 70 чалавек. Большасьць, вядома, была зь Нью Ёрку, але некаторыя людзі прыехалі здалёк, напрыклад, са штатаў Мінэсота ды Індыяна. Вечарына, якую па-майстэрску вялі сп-ня Аля Кузьміцкая й сп. Валеры Дворнік, пачалася са шматлікіх навагодніх віншаваньняў. Сталы былі застаўленыя надзвычай разнастайнымі смачнымі стравамі, сярод якіх трэба абавязкова адзначыць "наваградзкія грыбочкі", якія прагатавала нястомная сп-ня Ала Орса-Романо. Хапала на сталах шампана, лёгкіх і моцных напояў. Гасьцей забаўлялі музыкі Тацьцяна й Валянтын Дзямешчыкі. Сваёю вясёлаю музыкай і сьпевамі, яны цешылі гасьцей аж да самае раніцы. А іхні сынок выканаў ролю Новага 2002-га году ды зрабіў вельмі добрую імправізацыю песьні "Касіў Ясь канюшыну" разам з Ксеняю Капытка.
Час ад часу музыкаў зьмянялі самыя ўдзельнікі сьвяткаваньня, якія выходзілі на сцэну, каб выканаць беларускія народныя ці патрыятычныя песьні. Найбольш актыўнымі былі сп. сп. Ала Рамана, Алесь Крыштаповіч, Валеры Дворнік. Спадарства Капыткаў выканала песьні "Камарык", "Ох, служыў-жа я ў пана", ды іншыя, а сп. Зьміцер Левіт - "У гушчарах", "Ідуць жаўнеры-беларусы", сп-ня Валя Якімовіч - "Не судзіце, добры людзі". З асаблівым задавальненьнем ўсёй заляй сьпявалі жартаўлівую "Сабралася бедна басота ды гарэлку п'е". Наша паэтэса сп-ня Людміла Ілюшэнка прачытала некаторыя свае вершы, прасякнутыя тугою па Беларусі й трывогаю за яе будучыню. Кожны, хто выступіў на сцэне, атрымаў невялікі падарунак ад арганізатараў сьвяткаваньня.
У апошнюю хвіліну старога году ўсе дружна ўзьнялі келіхі з шампанам за шчасьце й здароўе сваіх родных, блізкіх і знаёмых у надыходзячым Новым годзе, за волю й лепшую долю для нашае Бацькаўшчыны-Беларусі. Цэлы час у залі ні на хвіліну не змаўкалі сяброўская гамонка й сьмех, чуліся жарты, людзі выходзілі з-за сталоў патанчыць вальц ці полечку або патрэсьціся пад "шэйк". Старэйшае пакаленьне гэтым разам ні ў чым не хацела саступаць нашай моладзі.Кожны, у каго ні спытаеш, быў задаволены імпрэзаю, ейнаю падрыхтоўкаю, і перш за ўсё - мажлівасьцю сустрэць Новы год і пабавіць вольны час між сваіх, беларускіх людзей. Усе прысутныя аднадушна адзначылі, што сустрэча Новага году прайшла ў надзвычай прыемнай і рамантычнай атмасфэры. Разыходзіцца госьці пачалі толькі пад раніцу. І амаль усе прасілі арганізатараў зрабіць падобную імпрэзу ў наступным годзе. Шмат хто пакінуў свае сьвяточныя віншаваньні й пажаданьні на сымбалічнай паштоўцы.
Найбольшай падзякі за клопаты па падрыхтоўцы й правядзеньні гэтае ўдалае імпрэзы заслугоўвае галоўны арганізатар сп-ня Ала Кузьміцкая, а таксама Валеры Дворнік, Тацьцяна Красоўская, Васіль Кузьменка, Вера й Франціш Бартулі, Ала Орса-Романо, сп-ва Дзямешчыкаў, сп-ня Ганна Мярляк, сп. Васіль Шчэцька ды ўсе астатнія, хто ім у гэтым дапамагаў, а ўсіх іх успомніць і назваць амаль немагчыма. Вялікі дзякуй за цудоўна праведзены час!