Наш Падэрэўскі
Ігнацы Ян Падэрэўскі (1860-1941) - выдатны польскі кампазытар, піяніст і палітык, першы прэм'ер-міністр незалежнай Польшы, які дабіўся для яе міжнароднага прызнаньня. Аўтар фартэпіянных п'есаў, песень на вершы А. Міцкевіча й А. Асныка, а таксама опэры "Манру" (1901). Падэрэўскі зрабіў баечную піяністычную кар'еру, хаця падчас вучобы ў Варшаўскім музычным інстытуце не выказваў аніякіх здольнасьцяў віртуоза.
Калі ўва ўзросьце 24 гадоў ён прыехаў у Вену да славутага фартэпіяннага педагога Тэадора Лешэціцкага, той паведаў яму: "Піяніста з Вас не атрымаецца. Запозна…" Аднак праз тры гады Падэрэўскі іграў у лепшых залях Эўропы, а праз сем гадоў - у Амэрыцы, дзе ён адразу й назаўжды зрабіўся кумірам публікі. Людзі гатовыя былі начамі стаяць ля чыгуначнага палатна, каб ўбачыць, як праязджае ягоны цягнік. Кажуць, у эскімосаў быў нават гатунак бульбы, які называўся "Падэрэўскі".
І гэтую славу віртуоза - а таксама грошы, заробленыя мазольнаю гастрольную працаю, - ён скарыстаў, каб аднавіць незалежнасьць Польшчы. Ён рыхтаваўся да сваёй місіі цягам цэлага жыцьця. Калі яму было шэсьць гадоў, ён падлічыў, што ў 1910-м годзе будуць сьвяткавацца 500-я ўгодкі Грунвальдзскай бітвы, і пастанавіў, што пабудуе найпрыгажэйшы помнік у гонар гэтай падзеі. Тады ж ён вырашыў для сябе, што абавязкова стане прэм'ер-міністрам адноўленае Польшчы. Бліскучая кар'ера піяніста была толькі сродкам для ажыцьцяўленьня гэтых дзіцячых мараў.
Грунвальдзкі помнік (пазьней зруйнаваны празь нямецкіх фашыстаў) паўстаў 15-га ліпеня 1910-га года ў Кракаве. Гэта быў падарунак Падэрэўскага польскаму народу. На сьвяткаваньнях прысутнічалі 160 тысяч чалавек - прадстаўнікі ўсіх земляў Рэчы Паспалітай. Кульмінацыяй урачыстасьцяў стала прамова Падэрэўскага: "Твор мастацтва, які мы бачыў, не паўстаў зь нянавісьці. Яго нарадзіла глыбокая любоў да Айчыны ня толькі ў ейнай колішняй велічы й цяперашней немачы, але й у ейнай яснай, моцнай будучыні; яго нарадзіла любоў і ўдзячнасьць да тых бітвы, а дзеля справы слушнай і добрай вынулі з ножан перамож-ную зброю".
Незалежная Польшча паўста-ла 11-га лістапа-да 1918-га году, і гэты факт быў афіцыйна па-цьверджаны праз падпісаньне Вэр-сальскага мірнага дагавору. Аднак Падэрэўскі нядоў-га пратрымаўся на пасадзе прэм'ер-міністра. Ягоная лібэральная палітыка, скіраваная на аднаўленьне правоў і свабодаў асобы, не знайшла падтрымкі ў шырокіх колах польскага народу. Моцна крытыкавалася ягоная ідэя фэдэральнага ўладкаваньня Польшчы.
Астатак жыцьця Падэрэўскі пражыў у Швэйцарыі. У 1930-ыя гады ён быў нефармальным лідэрам польскай лібэральнай апазыцыі, пасьлядоўным ворагам нямецкага фашызму і санацыйнага рэжыму ў Польшчы. З пачаткам Другой сусьветнай вайны Падэрэўскі пераязджае ў ЗША й узначальвае Польскую Нацыянальную Раду (эміграцыйны ўрад) у Лёндане. Падэрэўскі памёр падчас наведваньня Нью-Ёрку 29-га чэрвеня 1941-га году.

Поўнасьцю вельмі цікавы артыкул Юліі Андреевай пра выдатнага польскага палітыка й піяніста Ігнацы Яна Падэрэўскага, а таксама пра ягоныя адносіны да незалежнасьці Беларусі ды пра спробы беларускіх палітыкаў супрацоўнічаць зь ім чытайце ў адным з наступным нумары газэты "Беларус".