Падрыхтоўка да сьвяткаваньня

27-га студзеня ў залі царквы Сьв. К. Тураўскага ў Рычмонд Гілл адбылося паседжаньне падрыхтоўчага камітэту па сьвяткаваньню 83-й гадавіны абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, у якім узялі ўдзел кіраўніцтва нью ёрскага аддзелу БАЗА і найбольш актыўныя сябры.

Сьвяточную імпрэзу вырашана было правесьці ва Ўкраінскім Доме на Мангатане 18-га сакавіка 2001 году. У бліжэйшы час будуць разасланыя запрашэньні сэнатарам і кангрэсмэнам, абраным ад раёну Вялікага Нью Ёрку, мэру горада, кіраўнікам гарадзкіх раёнаў, кіраўніку "беларускага стала" ў Дзярждэпартамэнце ЗША, а таксама шэрагу праваахоўчых арганізацыяў, маючых штаб-кватэры ў Нью Ёрку.

Для ўдзельнікаў імпрэзы арганізатары рыхтуюць сьвяточны канцэрт, а пачастунак будзе складацца з шырокага выбару страваў і дэсэрту.>