Юбілейны нумар "Пагоні"

Выйшаў 500-ы нумар горадзенскай газэты "Пагоня". Выданьне існуе амаль 9 гадоў, наклад мае большы за 7 000 асобнікаў. Першы нумар "Пагоні" выйшаў 25 сакавіка 1992 году. Праз год газэта зрабілася штотыднёвікам, пры канцы 1990-х пэўны час выходзіла двойчы на тыдзень. Газэта мае на сваёй шапцы рыцара з нашага нацыянальнага гербу, яна заўжды была й ёсьць абаронцай беларускай ідэі, не спакусі-лася на кан'юнктуру, не зрабілася дзьвюхмоўнай. А трымацца беларускамоўнай газэце, пагатоў па-за сталіцай, цяжка.

Газэта была й усебеларускаю, і абласною. Зараз рэдакцыя вяртаецца да першапачатковай канцэпцыі, калі газэта выдавалася як рэгіянальны агляд: Вільня, Горадня, Беласток. Рэдактар газэты Мікола Маркевіч кажа:"Рукамі журналістаў пішацца гісторыя нашай Беларусі. Я вельмі ганаруся, што журналістамі "Пагоні" яна пісалася вельмі адказна, шчыра й сумленна. Я веру, што мы будзем працаваць гэтак і надалей".