АМЭРЫКАНСКІЯ ПАЛЯКІ ПРА БЕЛАРУСЬ

3-га чэрвеня ў Вашынгтоне на сустрэчы дырэктароў Польска-Амэрыканскага Кангрэсу (ПАК), арганізацыі, якая рэпрэзэнтуе больш за 10 мільёнаў амэрыканцаў польскага паходжаньня, была прынятае рэзалюцыя адносна Беларусі. Улічваючы кансэрватызм амэрыканскіх палякаў, можна назваць гэты дакумант вельмі паказальным у сэньсе ацэнкі сёньняшняй сытуацыі і пэрспэктываў на будучыню. Зьвяртаючы асабліваю ўвагу на перасьлед рэжымам Лукашэнкі актывістаў Саюзу Палякаў Беларусі і Каталіцкае Царквы, аўтары рэзалюцыі выказалі занепакоенасьць таксама перасьледам прыхільнікаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, пратэстантаў і антысэміцкаю рыторыкаю уладаў.

Амэрыканскія палякі заклікаюць урады ЗША і Польшчы прыкласьці ўсе намаганьні для мірнага аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі і выказваюць поўную падтрымку рэзалюцыі, прапанаванай Сэмам Гэйдэнсанам, каб як мага хучэй падтрымаць барацьбу за свабодную, дэмакратычную і незалежную Беларусь.

У дакумэнце выказваецца "поўная падтрымка беларускай апазыцыі, якая змагаецца за свабодную, дэмакратычную і незалежную Беларусь, дзе жыцьцё ўсіх грамадзян незалежна ад іх паходжаньня і рэлігійных поглядаў будзе квітнець."