ДЗЕЙНАСЬЦЬ ПАЛЯКАЎ У БЕЛАРУСІ

Старшыня аддзелу "Саюзу Палякаў" (СП) ў г. Баранавічы Тэрэса Сілівончык, якая польскую сьведамасьць пераняла ад маці, расказвае пра сытуацыю й дзейнасьць у гэтым аддзеле й іншых арганізацыях паза Баранавічамі. Там паўстаюць новыя аддзелы СП, але часта старыя пачынаюць спыняць дзейнасьць з прычыны цяжкіх умоваў або з недахопу дасьведчанага кіраўніцтва. Але рознага характару падтрымка з Польшчы, перад усім фінансавая, ды забясьпечаньне матэрыяламі для навучаньня й захаваньня польскасьці - кніжкі, падручнікі й наогул, друкаванае слова, дадае энэргіі арганізатарам. Маюцца праблемы з утрыманьнем дамоў і фальклёрных калектываў. Паставіць Польскі Дом у Баранавічах змаглі толькі дзякуючы падтрымцы з Польшчы. У гэтым Доме месьціцца Польская Грамадзкая школа, у якой вучацца дзеці й юнакі ад 3-х да 18-ці гадоў з праграмай навучаньня польскай мове й для дарослых. Апрача мовы праводзяцца курсы гісторыі, культуры й сьпяваньня. Ёсьць настаўнікі; адзін з Польшчы й шэсьць, якія паходзяць з Баранавічаў. Яны скончылі польскі ўнівэрсытэт у Беластоку. У доме месьціцца немалая бібліятэка.

У горадзе жыве каля 9 тысячаў палякаў, зь якіх каля 1000 належаць да СП. Наймацнейшая нацыянальна сьведамая група - палякі старэйшага ўзросту, а пасьля ёсьць моладзь. Група сярэдняга веку амаль вынарадавалася. Пра нацыянальную сьведамасьць сёньня цяжка нешта гаварыць, калі людзі (з прафэсыяй) зарабляюць толькі 25-30 даляраў у месяц, застаецца вельмі мала часу, каб застанаўляцца, кім яны ёсьць. Вялкую ролю выконваюць каталіцкія касьцёлы. У Баранавічах увесь час існавала парафія , вернікі якое маліліся па-польску. Сёньня існуе тут тры каталіцкія парафіі, у якіх дзеюць тры законьніцы.

З гэтых выказваньняў старшыні Саюзу Палякаў Тэрэсы Сілівончык відаць, што палякі ў Баранавічах дзеюць, ёсьць аб'яднаныя й здысцыплінаваныя ў пашырэньні польскасьці. Трэба было-б і нам, беларусам, падсумоўваць дасягненьні або няўдачы ў тым ці іншым горадзе ці мясцовасьці, і асабліва зьвяртаць увагу на навучаньне й выхаваньне беларускіх дзяцей і юнакоў.
Нататка паводле "Дзёньніка Польскага", Нью Ёрк, 4-5 лістапада 2000г.
М. А-р