Парад Паняволеных Народаў

У нядзелю 16-га ліпеня пачаўся Тыдзень Паняволеных Народаў, у якім традыцыйна бяруць актыўны ўдзел прадстаўнікі беларускае грамады Нью Ёрку. Каля гатэлю Plaza а 9-й гадзіне раніцы сабраліся ўдзельнікі афіцыйнага адкрыцьця Тыдню й вырушылі да катэдры Сьв. Патрыка. У катэдры адбылася юбілейная імша, прысьвечаная 150-годзьдзю ад пачатку службаў у катэдры, якую правіў новапрызначаны арцыбіскуп Нью Ёрку Эдвард Іган (Edward Egan). У сваёй казані ён узгадаў паняволеныя народы, якія дагэтуль стогнуць пад таталітарным прыгнётам, і нагадаў, што людзі ў Амэрыцы, якія звычайна ўспрымаюць свабоду і дэмакратыю як штось натуральна дадзенае чалавеку, павінны заўсёды памятаць аб несвабодзе іншых народаў і па магчымасьці дапамагаць іх прадстаўнікам скінуць гэтае ярмо. Арцыбіскуп Іган блаславіў сьцягі й уласнаручна раздаваў гостыі для прычасьця.

Некалькі беларусаў, якія лічаць сябе праваслаўнымі й ходзяць у праваслаўную царкву, таксама падыйшлі да прычасьця, пэўна, ня ведаючы, што гэта не дазваляецца статутамі праваслаўя, хоць і не забаронена законамі каталіцкае царквы.

Пасьля імшы ўдзельнікі маршу выйшлі на 5-ю Авеню й па ёй рушылі ў бок Цэнтральнага парку. На чале калёны ішоў маршал параду, якім сёлета быў абраны беларускі паэт Славамір Адамовіч. Парад можна без перабольшаньня назваць беларускаю імпрэзаю, бо пераважная большасьць удзельнікаў былі прадстаўнікі беларускае грамады Амэрыкі, і бел-чырвона-белыя сьцягі дамінавалі над шэсьцем. Маніфэстанты, некаторыя зь якіх апранулі беларускія народныя строі, несьлі плякаты "Расея, рукі прэч ад Беларусі!", "Амэрыка, спыні крэдыты для імпэрскае Расеі!", "Незалежная Беларусь - навякі".

У Цэнтральным парку, куды прыйшлі ўдзельнікі параду, адбыўся афіцыйны мітынг. На пачатку яго маршал параду сп. С. Адамовіч прачытаў свай новы верш і выступіў з прамоваю, тэкст якое надрукаваны на бач. 3 гэтага нумару бюлетэню. Сярод выступоўцаў былі таксама прадстаўнікі ЗША, Латвіі, Чачэніі, усходніх нямецкіх земляў. Удзельнікі мітынгу аднагалосна прынялі рэзалюцыю з асуджэньнем расейскага імпэрыялізму і супраць таталітарных рэжымаў у другіх краінах сьвету, у тым ліку лукашэнкаўскага.

В. Зайка