ВАЛЯНЦІНА ЖУКОЎСКАЯ-ПАШКЕВІЧ

Нарадзілася 5-га лютага 1916 году ў беларускай сям'і з Пружанаў, Заходняе Беларусі. У Пружанах скончыла на выдатна сямігодку й гуманітарнага тыпу гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1935 годзе паступіла на факультэт клясыкі - культуры й мовы старажытных Грэцыі й Рыму ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры ў Вільні. Адразу ўключылася ў бурнае ў той час беларускае жыцьцё Вільні. Стала сяброўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу. Ва ўправе гэтае арганізацыі выпаўняла функцыю скарбніка. Наведвала лектарат беларусаведы др. Янкі Станкевіча. У Беларускім Музэі імя Івана Луцкевіча, калі была патрэба, поўніла функцыю правадніка.

Пасьля двух гадоў студыяў клясыкі, пераканаўшыся, што цікавыя навукі старажытных моваў і культураў у жыцьці могуць быць зусім непрактычнымі, бо лаціну й грэцкую перасталі вывучаць у сярэдніх школах, яна перайшла на факультэт фізыка-матэматычны.

У верасьні 1939 году Заходнюю Беларусь акупавалі бальшавікі. Сталін адрэзаў Вільню - сэрца Беларусі - ад Беларусі й аддаў Жамойці. Увосень, калі беларускім студэнтам прыйшоў час ехаць ва ўнівэрсытэт на навуку, Кацярына Стаўбунік, вядомая беларуская дзяячка ў Пружанах, сабрала нас усіх, беларускіх студэнтаў з Пружаншчыны, і сказала;"Дзеці, цяпер ня час на навуку. Усім вам трэба ісьці ў школы выкладаць беларускую мову. Інакш у школах у нас беларускае мовы ня будзе." Валянціне Жукоўскай давялося выкладаць беларускую мову ў гімназіі, дзе яна сама некалі вучылася. Апрача працы ў школе яна была яшчэ выкладчыцай беларускай мовы на курсе для настаўнікаў, ейных колісьнейшніх прафэсароў. І тут яна пераканалася, якімі бясцэннымі ёй аказаліся студыі на факультэце грэцкай мовы й лаціны.

Бясцэннымі яны ёй былі й пазьней, пасьля вайны за мяжою, калі яна як настаўніца беларускае суботняе школы ў Тарон-це, Канада, складала англямоўны падручнік "FUNDAMENTAL BYELORUSSIAN", два тамы якога выдаў у 1974 і 1978 гадох Беларускі Каардынацыйны Камітэт Беларусаў Канады.

Бясцэннымі аказаліся Валянціне Жукоўскай-Пашкевіч студыі грэкі й лаціны й пры чвэрцьвяковай працы над складаньнем ангельска-беларускага слоўніка, выданьнем якога заняўся Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў ЗША.

Як і шматлікім сябром Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, так і Валянціне Жукоўскай, наканавана было пакінуць Беларусь. У другой палове 40-х гадоў яна ў Ангельскай зоне Нямеччыны ў беларускім ДП лягеры Ватэнштэце выкладала ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы фізіку й апрача таго пэўны час была Сьцяжной беларускга жаночага скаўтынгу.

Зь ліпеня 1949 году Валянціна Жукоўская ў Таронта, Кана-да. Як сяброўка Згуртаваньня Беларусаў Канады на Другім Агульным Зьезьдзе сяброў гэтае арганізацыі ў 1950 годзе поўніць функцыю Сакратара Зьезду. Дакумэнтуе важную па-дзею першае беларускае нацыянальнае арганізацыі ў Канадзе.

22-га красавіка 1950 году Валянціна Жукоўская выйшла замуж за беларуса з Ашмянаў Міхася Пашкевіча. Яны маюць двое дзяцей: Паўлюка й Эву і дзьве ўнучкі: Ларысу й Галіну.

У 50-60-х гадох Валянціна Жукоўская-Пашкевіч арганізатар і кіраўнік беларускага танцавальнага ансамблю. Арганізуе яна й праз 15 год вядзе беларускую суботнюю школу пры царкве Сьв. Эўфрасіньні Полацкае ў Таронта. Складае для яе "Першую чытанку пасьля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў" (Кліўлэнд, 1968). Яна аўтар англамоўнага падручніка "FUNDAMENTAL BYELORUSSIAN" - адзінага сыстэматычнага і найбольш поўнага курсу беларускай мовы для навучальных мэтаў за межамі Беларусі. Падручнік апіраецца на правапіс Б. Тарашкевіча. Падрыхтавала яна таксама вялікі (каля 50 000 словаў) "Ангельска-беларускі слоўнік", які цяпер выдае БІНіМ, апублікавала артыкул "Навучаньне беларускае мовы ў ангельскім асяродзьдзі" (Запісы БІНіМ, Нью Ёрк. 1983 #17).

Пра Валянціну Пашкевіч, да замужжа Жукоўскую, ёсьць біяграфічная даведка ў Беларускай Энцыкляпэдыі (Мінск, 1994).

Дзеці яе, калісь вучні беларускае суботняе школы, пішуць, чытаюць і размаўляюць па-беларуску.
Раіса Жук-Грышкевіч
Былая студэнтка УСБ і сяброўка БСС у Вільні.