АДВЕЧНАЯ ПЕСЬНЯ? ЗУСІМ НЕ!

Апісваючы дзейнасьць беларусаў у Францыі ад 2-е Сусьветнае вайны ў газэце "Наша Ніва" (артыкул быў таксама перадрукаваны ў "Беларускім Дайджэсьце" за ліпень 2001 г.), Ігар Лялькоў пачынае ад неадпавядаючага рэчаіснасьці загалоўка "Адвечная песьня".
Каб апісваць здарэньні трапна й праўдзіва, належыцца добра й наскрозь прастудыяваць данныя падзеі, а не абапірацца толькі на сухія пратаколы паседжаньняў.
Мінулае трэба апісваць толькі прўдзіва й нічога не замоўчваць так, як Лялькоў, які ў сваім артыкуле абмінуў цэлы шэраг дасягненьняў беларусаў Францыі. У ацэнцы іхняй дзейнасьці трэба было браць пад увагу факт, што побыт у Францыі лічыўся беларусамі часовым. Большасьць зь іх на працягу 5-8 гадоў перасяліліся ў ЗША, Канаду ці іншыя краіны.
Дзейнасьць беларусаў у Францыі Лялькоў характарызуе так: "Беларус, як бачым, і ў Францыі застаецца беларусам. Заўсёдная гатоўнасьць да гуртаваньня пад патрыятычнымі лёзунгамі на словах і заўсёдная няздольнасьць выдаткоўваць на ўцелесьненьне гэтых лёзунгаў свае сілы, час і, асабліва, сродкі. І няма ў гэтым ні "савецкасьці", ні "калхознасьці" - адно "адвечная песьня" непалітычнага люду праз моц абставінаў уцягнутага ў палітычны вір..."
У запярэчаньне непраўдзівага апісаньня Ляльковым дзей-насьці беларусаў у Францыі падаю важнейшыя іх дасягненьні:
1)Інж. Мікола Абрамчык, інж. Лявон Рыдлеўскі й айцец Леў Гарошка, апынуўшыся пасьля вайны ў Францыі, не чакаючы ўзяліся за выратаваньне групы беларускіх уцекачоў у Даніі, якім пагражаў вываз на "Радзіму". У паразуменьні з чыньнікамі Францыі й Даніі ім удалося пасьпяхова перасяліць іх у Францыю.
2) Пачалі свой выхад газэта "Беларускія Навіны", часапісы "Божым Шляхам", "Моладзь" і іншыя.
3) Айцец Гарошка зьбіраў кніжкі й іншыя выданьні, якія пасьля сталіся фундамэнтам Беларускай Бібліятэкі Ф. Скарыны ў Лёндане. Айцец Гарошка выдае свае працы "Беларусь у ліках і фактах", "Еўфрасіньня Полацкая", "Ты й яна" ды іншыя; ачольвае Каталіцкую місію для беларусаў-каталікоў, якая дапамагала беларусам харчамі й вопраткай, адпраўляў Багаслужбы для вернікаў.
4) М. Абрамчык, Л. Рыдлеўскі й а. Л. Гарошка ў насьледку сваіх стараньняў дабіліся магчымасьці для беларусаў студыяваць у Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі. Сотні маладых людзей скончылі тыя студыіі.
5) Зь ініцыятывы Міколы Абрамчыка ўзяла свой пачатак Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, ягонымі-ж стараньнямі амэрыканцы пачалі вяшчаньне на беларускай мове на Радыё Вызваленьне. Сярод тамтэйшых беларусаў дзейнічалі ведамыя працаўнікі Ул. Шыманец, Я. Філістовіч, Я. Сурвілла, М. Наумовіч, А. Кавалеўскі, А. Монід і іншыя, якія знаходзіліся на выспачках Крэзо, Вэрт Ле Гран, Сантэні... Мала тут месца ўсіх успамінаць.
Ігар Лялькоў сумняваецца, ці была падтрымка прабэнээраўскага руху. Вышэй успомненыя дасягненьні былі-б немагчымыя без прыхільнікаў і падтрымкі. Дасягненьнямі беларусаў Францыі жывём мы яшчэ й сёньня.
Калі-ж прэса ад такога характару артыкулаў аж кішыць, дык у рэшце людзі пачынаюць верыць, што яны нічога ня вартыя ды змаганьне не паможа. Гэзэце трэба больш строга падыходзіць да друку такіх неаб'ектыўных артыкулаў.

А-р М.