ВАНДРОЎКА Ў ПЯЧОРЫ

У суботу, 2-га сьнежня, група беларусаў каля 20 чалавек выправілася на экскурсію ў вядомыя пячоры Howe Caverns, якія знаходзяцца 35 міляў на захад ад сталіцы штату Нью Ёрк гораду Албані. Вандроўка адбылася дзякуючы намаганьням і выдатным арганізатарскім здольнасьцям нястомнай сп-ні Алы Орса-Романо.

Пячоры гэтыя вымытыя падземнаю ракою й уражваюць нават скупых на эмоцыі людзей. Цікаўныя беларусы зрабілі падарожжа на глыбіню 50 мэтраў спрачатку пешшу, а потым на доўгім чаўне. Трэба самому зрабіць такое падарожжа, каб ўявіць усю суворую прыгажосьць той мясьціны. Цяжка паверыць, што гэтыя сталактыты й сталагміты зроблена не рукамі нейкага дзіўнага скульптара, а рухам вады на працягу доўгіх тысячагодзьдзяў. Зачараваныя падземнаю прыгажосьцю турысты доўга яшчэ абменьваліся ўражаньнямі й пасьля выхаду зь печораў на паверхню.

У час, калі ехалі ў аўтобусе, сп. Юрка Васілеўскі зрабіў вельмі зьмястоўны даклад пра Слуцкі Збройны Чын. Потым сп. Сяргей Капытка распавёў пра жыцьцёвы й творчы шлях выдатнага беларускага паэты й пісьменьніка Уладзімера Караткевіча, прачытаў некалькі ягоных вершаў. Вельмі прыгожа й пранікнёна дэклямавала вершы свае сяброўкі паэткі зь Беларусі сп-ня Нэлі Ржэвуцкая.

Увечары стомленых, але вельмі задаволеных турыстаў прывёз дахаты ў Нью Ёрк Валеры Дворнік, які падчас гэтай вандроўцы кіраваў аўтобусам.

Васіль Кузьменка