Попіс жыхарства: людзі і мовы

Праведзены ў лютым 1999 г. попіс жыхарства Беларусі - першы па аднаўленьні дзяржаўнае незалежнасьці. Дагэтуль перапіс праводзілі восем разоў: у 1897 (у часе перапісу насельніцтва Расейскай Імпэрыі), 1926 і 1937 (у межах тагачаснае куртатае БССР), 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 г.г. Паводле апошняга перапісу, сталае насельніцтва краіны складала 10 мільёнаў 45 тысяч чалавек. 6 мільёнаў 961тысяча чалавек (69%) жылі ў 104 гарадах і 108 мястэчках, а рэшта- у 23 459 вёсках. У Менску жыве 1 680 тысяч чалавек; гарадоў, дзе насельніцтва перавышае 100 тысяч - 15.

Але Беларусь ужо не належыць да краінаў зь 10-мільённым насельніцтвам. Паводле стану на 1 верасьня насельніцтва скарацілася да 9 мільёнаў 999,6 тысяч чалавек, бо колькасьць памерлых удвая перавышае коллькасьць народжаных.

У параўнаньні зь першым паваенным перапісам 1959 году колькасьць насельніцтва Беларусі да 1999 году павялічылася на 25% (на Магілёўшчыне - на 3%, Берасьцейшчыне - 26%, а ў Менску - у 3,3 раза). Ад 1993 году адбываецца дэпапуляцыя - больш людзей памірае, чымся нараджаецца. Часткова гэта кампэнсуецца міграцыяй у Беларусь. Але выміраньне карэнных жыхароў краю й замяшчэньне іх чужынцамі наўрад ці можна вітаць і цешыцца з гэтага.

Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва - 48 чалавек на кв.км (найменшая на Віцебшчыне - 34 чалавекі, найбольшая на Горадзеншчыне - 47 чалавек).

У Беларусі на люты 1999 году жылі прадстаўнікі 134 нацы-янальнасьцяў, якія вызначалі сваё паходжаньне на падставе самасьвядомасьці. Бальшыню насельніцтва склалі беларусы (8 млн. 159,1 тыс.), расейцы (1 млн. 141,7 тыс.), палякі (395,7 тыс.), украінцы (237 тыс.) і жыды (27,8 тыс.). Што ж зьмяні-лася ў палітры нацыянальнасьцяў за апошнія гады? Белару-саў за апошняе дзесяцігодзьдзе стала болей на 3,2%. Гэтак сталася ўпершыню за паваенны час. Гэткі абраз вымалёўва-ецца цалкам па краіне. У розных рэгіёнах доля беларусаў адносна іншых народаў істотна розьніцца. На Берасьцей-шчыне беларусаў цяпер 85% (1959 - 85,9%, 1970 - 86,1%, 1979 - 84,6%, 1989 - 82,8%). У тым самым часе, расейцаў у гэтай вобласьці ў 1959 годзе было 7,5%, у 1989 - 10,1%, а цяпер - 8,7%. Доля расейцаў у Беларусі ў параўнаньні з 1989 годам зьменшылася паўсюдна: на Віцебшчыне - з 15,2% да 13,6% (у 1959 годзе - 9,3%), Гомельшчыне - з 12,6% да 11% (1959 - 6,6%), Горадзеншчыне - з 10,7% да 10,1% (1959 - 6,7%), Меншчыне - з 9,9% да 9% (1959 - 5,7%), Магілёўшчыне - з 13% да 10,9% (1959 - 7,7%).

У Менску расейцаў меншала: ад 22,8% у 1959 годзе да 15,7% у 1999 годзе (беларусаў станавілася болей - з 63,8% у 1959 годзе да 79,3% цяпер). Сярод расейцаў па-беларуску гаворыць 1,7% менчукоў. Сярод палякаў - 20,1% (па-расейску - 78,6%). 3,8% і 3,5% менскіх украінцаў і жыдоў адпаведна карыстаюцца беларускаю моваю ў побыце.

Што да жыдоў, дык у 1959 годзе ў краіне жыло іх 150 тысяч , у 1989 - 112 тысяч, а паводле леташніх зьвестак у нас засталося толькі 28 тысяч (зь іх у Менску жыве трохі болей за 10 тысяч чалавек, найбольш на Гомельшчыне - каля 6 тысяч, найменш на Горадзеншчыне - ўсяго 900 чалавек.). Зрэшты, ня гэтак шмат і беларусаў на паўночным захадзе краіны. Хоць доля карэннага насельніцтва за сорак гадоў і вырасла з 60,1% у 1959 годзе да 62,3% у 1999, але дагэтуль яшчэ там застаецца шмат пашпартна-касьцёльных палякаў - 24,8% супраць 30,9% у 1959 годзе.

Пабольшала ў краіне й цыганоў, іх налічылі амаль 10 тысяч чалавек, гэтулькі сама ў Беларусі жыве татараў - блізка па 0,1% ад усяго насельніцтва. Літоўцаў стала менш - з 8,4 тысяч сорак гадоў таму да 6,4 цяпер. Паболела-ж асоб іншых нацыянальнасьцяў, апрача традыцыйных, - цяпер гэткіх з намі жыве 50 з гакам тысяч, амаль гэтулькі сама, колькі літоўцаў, татар, цыган і жыдоў разам узятых. Цыганоў больш за ўсё на Гомельшчыне. Татар жа й літоўцаў найболей - адпаведна 2,2 і 3 тысячы - на Горадзеншчыне.

Назвалі роднаю мову свае нацыянальнасьці амаль 82% насельніцтва, 18% прызналіся, што ўважаюць за родную мову не свае нацыянальнасьці. У 1989 годзе гэтыя паказьнікі скла-далі 78% і 22%, што сьведчыць пра ўзрост ліку нацыянальна сьведамых . На мове свае нацыянальнасьці гавораць дома толькі 45%, ці 4,5 мільёна жыхароў. Гэта абумоўлена перадусім значнаю доляй беларусаў, якія забылі сваю мову.

Па-беларуску ў лютым 1999 году гаварылі 3683 тысячы чалавек, або 37% ад усіх перапісаных, зь іх 3373 (92%) - беларусы. Але сярод беларусаў, як бачым, толькі 41% паслугуецца дома, на працы, на вуліцы роднаю моваю. Расейскаю моваю гавораць 6308 тысяч чалавек (63% насельніцтва), зь іх 4783 тысячы чалавек - беларусы.

Расейская мова выйграе коштам места, а найперш колькась-цю амаль суцэльна расейскамоўных менчукоў. У Менску роднаю вызнаюць беларускую мову 61,9% жыхароў сталіцы, і толькі 12,9% месьцічаў гавораць па-беларуску дома. А вось калі адкінуць Менск і паглядзець на адпаведныя паказьнікі на Меншчыне, дык менавіта гэты рэгіён стаіць на першым мес-цы паводле тых, хто вызнае беларускую мову роднаю (83,6%) і гаворыць на ёй (58,5%). Наступная паводле свае беларус-касьці Горадзеншчына: тамака 72,6% людзей абралі роднаю беларускую мову і 53,6% назвалі яе гутарковай. У іншых рэгіёнах у сярэднім 70-75% людзей назвалі роднаю беларускую мову. Паводле колькасьці носьбітаў мовы ідуць адна па аднэй: Берасьцейшчына (39%), Гомельшчына (34,5%), Віцебшчына (31,7%) і Магілёўшчына (30,3%).

І ня толькі апазыцыянэры размаўляюць па-беларуску. Як бачым, беларускамоўнаю, як і сто, і тысячу гадоў таму, застаецца вёска. Калі ад усяго насельніцтва краіны роднаю назвалі беларускую мову 73,7% людзей, дык у местах - 66,9%, а ў вёсках - 89,2%. Што да гутарковае мовы, дык пры 36,7% беларускамоўных у цэлым па краіне - сярод месьцічаў іх 19,8%, а сярод сялянаў 74,7%. Паўпрацэнта ад усіх грамадзян гавораць не па-беларуску і не па-расейску.

Часьцей за расейскую выкарыстоўваюць беларускую мову ў дачыненьнях палякі (57,6%, у местах - 34,6%, у вёсках - 84,9%), што яшчэ раз пацьвярджае меркаваньне пра беларускае паходжаньне бальшыні палякаў, якія толькі паводле веравызнаньня гатовы далучыць сябе да суседняга народу. Ад 70% да 90% жыдоў гавораць па-расейску, часьцей паслугуюцца беларускаю ўкраінцы. Апошняе вынікае як з блізіні гэтых моў, гэтак і зь меркаваньняў салідарнасьці зь беларусамі, хоць гэта, напэўна, адзінкавыя выпадкі.

Павелічэньне долі беларусаў у агульнай колькасьці насельніцтва, даволі значная лічба беларускамоўных - гэта ўсяго толькі статыстыка. Насамрэч усё нашмат складаней і ці будуць стратэгічныя для будучыні нацыі й дзяржавы нацыянальныя й моўныя працэнты не ніжэйшыя ад цяперашніх, залежыць ня толькі ад часу, але й ад нас самых.

Віктар Мухін. Скарочана з "Нашай Нівы"