Не - расейскаму імпэрыялізму

23 лютага перад штаб-кватэрай Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў у Нью Ёрку адбыўся мітынг пратэсту супраць экспансіянісцкай палітыкі расейскага імпэрыялізму, ладжаны нью-ёрскім аддзелам БАЗА. Нягледзячы на працоўны дзень і моцны сьнег, якія выпаў напярэдадні, падтрымаць акцыю прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

Перад прысутнымі выступіў Старшыня БНФ сп. Зянон Пазьняк. Ён адзначыў, што 23-га лютага праходзіла міжнародная акцыя супраць расейскай злачыннай палітыкі ў дачыненьні да іншых народаў. Ён падкрэсьліў, што вялікую ролю ў змаганьні супраць расейскага імпэрыялізму мае салідарнасьць усіх народаў, якім пагражае шавіністычная палітыка кіруючых колаў Расеі. Перш за ўсё гэта народы, што сёньня апынуліся на вастрыі гэтага змаганьня, гэта значыць беларускі й чачэнскі народы. Воляю лёсу перад беларусамі й чачэнамі стяць падобныя мэты-дасягнуць сапраўднай незалежнасьці., свабоды, спыніць панаваньне маскоўскіх халуёў. І ў справе змаганьня беларусам можна павучыцца ў чачэнаў адданасьці бацькаўшчыне й самаахвярнасьці. Сп. Пазьняк таксама сказаў: "Вельмі важна ўсьвядоміць, што мы выступаем за свабоду Беларусі й незалежнасьць Чачэніі разам, таму што палітыка, якую праводзіць Расея ў Чачэніі, і яе палітыка ў Беларусі, ёсьць адна й тая-ж палітыка, адно толькі што праводзіцца яна рознымі мэтадамі. Менавіта пагэтаму мы падтрымліваем усіх тых, хто змагаецца за сваю свабоду супраць расейскага імпэрыялізму й агрэсіі".

Затым узяў слова Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Ён адзначыў, што ў сваім уціску Беларусі расейцы заўсёды рабілі акцэнт на вынішчэньне беларускай культуры, беларускай мовы. Амаль пад корань было высечана беларускае пісьменства ва Ўсходняй Беларусі, а ў 1939 г. узяліся й за заходнебеларускіх пісьменьнікаў. Пасьля вайны, як і цяпер пад лукашэнкавым рэжымам, беларускай культуры заціскалі рот. Адбываўся й сёньня адбываецца этнацыд беларускага народу. Таму сёньня змаганьне за мову, за культуру ёсьць палітычнае змаганьне, і кожны сьведамы беларус мусіць далучацца да яго.

Затым сп. Пазьняк даў кароткі агляд падзеяў у Беларусі.Падчас мітынгу луналі шматлікія бел-чырвона-белыя сьцягі, прысутныя трымалі плякаты з надпісамі ў абарону беларускага й чачэнскага народаў. Скандаваліся лёзунгі: "Далоў расейскі імпэрыялізм", "Свабоду - Беларусі, незалежнасьць - Чачэніі", "Жыве Беларусь!". Гучэлі беларускія патрыятычныя сьпевы, мінакам раздаваліся ўлёткі з тлумачэньнем мэтаў мітынгу.