Рада Беларускага Гэльсынскага камітэту

13 чэрвеня прыняла рашэньне пра няўдзел у выбарчых камісіях ды ў іншых аспэктах кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў, пакідаючы за сабою толькі права назіраць за выкананьнем правоў чалавека ў часе гэтага працэсу.

Паседжаньне рады БГК было закрытым, але ўдалося даведацца, што спрэчкі былі вельмі вострыя. Пад час дыскусіі, у прыватнасьці, старшыня БГК Тацяна Процька падала заяву пра адстаўку.

Канфліктная сытуацыя ўзьнікла раней, калі быў агучаны адкрыты ліст ад імя чатырнаццаці аўтарытэтных сяброў Гэльсынскага камітэту, у тым ліку Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Юрыя Хадыкі ды іншых. У гэтым лісьце быў выказаны недавер старшыні БГК Тацяне Процьке, і заяўлена, што да ейнае адстаўкі названыя сябры БГК прыпыняюць сваё сяброўства ў камітэце.

Тацьцяна Процька сказала: "Сутнасьць прэтэнзіяў у тым, што хтосьці ўзмоцнена спрабуе ўцягнуць БГК у палітычную дзейнасьць,чаму мы ўзмоцнена пярэчым."

У выніку вострае дыскусіі на радзе Гэльсынскага камітэту было прынятае рашэньне, што гэтая арганізацыя ня будзе ўдзельнічаць у вылучэньні як кандыдатаў у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў", гэтак і сяброў выбарчых камісіяў, БГК ня будзе падтрымліваць тых або іншых кандыдытаў у дэпутаты, і тым самым легітымізаваць гэтыя выбары.