АД РЭДАКЦЫІ
Паважаныя чытачы! Вы трымаеце ў раках апошні нумар бюлетэня нью ёрскага аддзелу БАЗА "Весткі й Паведамленьні" ў такім выглядзе, якім Вы прывыклі яго бачыць на працягу апошніх пяці гадоў. І навіна гэтая ня сумная, а хучэй радасная, бо замест бюлетэня мы аднаўляем выданьне газэты "Беларус". Умовы для гэтага высьпявалі паволі, і, нарэшце, гэты час надыйшоў.
З сакавіка месяца пачне выходзіць газэта, якую ўсе мы даўно чакалі, і бюлетэнь стане часткаю яе. Для вестак аддзелу будзе адведзеная цэлая бачына ў газэце. Сьпяшаемся супакоіць падпісчыкаў бюлетэня - усе яны будуць замест "Весткаў і Паведамленьняў" атрымліваць, пачынаючы ад наступнага месяца, газэту "Беларус", якую мы будзем друкаваць рэгулярна штомесяц.
Спадзяёмся, што такім абнаўленьнем усе Вы будзеце задаволеныя, бо адноўлены "Беларус" будзе працягваць лепшыя традыцыі гэтае газэты: друкаваць кроніку беларускага жыцьця ў сьвеце, а таксама патрабязьней асьвятляць падзеі ў Беларусі, друкаваць артыкулы нашых палітыкаў, гісторыкаў, літаратараў і архівістаў. Таксама просім Вас падтрымліваць працу рэдакцыі сваімі падпіскамі й ахвяраваньнямі. Не забывайце, што мець сваю незалежную газэту на эміграцыі цяпер асабліва важна, калі свабоднае слова на Бацькаўшчыне жорстка душыцца антыбеларускім урадам.
Будзем ўдзячныя ўсім, хто напіша нам, каб падзяліцца прапановамі й меркаваньнямі аб будучым выглядзе газэты, аб тым, пра што-б Вы хацелі чытаць на яе бачынах, якія матэрыялы для Вас больш цікавыя, а пра якія ня варта пісаць зусім. Нам трэба ведаць думку ўсіх з Вас, каб зрабіць газэту цікавай і чаканай. Свае допісы, заявы на падпіску ды ахвяраваньні шліце на адрас:

BIELARUS
P.O.Box 3225
Farmingdale, NY 11735

Дасылаючы уплаты, чэкі выпісывайце на BIELARUS