15-га верасьня 2000 году на 72-м годзе жыцьця адыйшла ад нас вядомая мастач-ка, сябра Рады БНР, актыўная дзяячак беларускага замежжа, адданая дачка Бацькаўшчыны Галіна Русак.

Амаль 50 гадоў адпрацавала яна ў мастацкай бібліятэцы Рутгэрскага ўнівэрсытэту, апошнія гады была яе загадчыцай. На пэнсію выйшла толькі сёлета.

Выставы Галіны Русак аб'ехалі ўвесь сьвет. Яе творчасьць была добра вядомая ў ЗША і Канадзе, дзе яна шматкроць выстаў-лялася ў розных галерэях, але толькі ў 1992 годзе зь яе творамі змаглі пазнаёміцца і ў Беларусі. Перад вачыма беларускае публікі паўстаў ня толькі дзіўны й экзатычны сьвет мастацтва Галіны Русак, але й яе невынішчальная любоў да роднага краю. Газэты таго часу пісалі: "Вялікія палотны як магні-там прыцягваюць вока яркасьцю фарбаў, пластычнасьцю абстракцыяў. Сярод іх неяк нечакана бачыць абрысы васілька альбо папараць-кветкі". Гледачы падоўгу стаялі ля карцінаў, разглядалі дэталі, разгадваючы задуму аўтаркі. Але й сама сп-ня Галіна не магла дакладна вытлумачыць свае творы. Па яе словах, яна пісала іх, калі надыходзіў сум па радзіме, калі туга агортвала душу - і тады зьяўляліся вобразы зь дзіцячай памяці, падказаныя генетычнай памяццю.

Выказваем спачуваньне мужу, дачкам зь семьямі, усім родным і блізкім нябожчыцы.

Вечны спакой яе душы.