5-га жніўня Архіяпіскап Юры (Рыжы) адзначыў 68-ю гадавіну зь дня народжаньня. За сьвяточным сталом юбіляра панавалі сапраўды Боскія лагода і спакой. Было ўтульна душы і помысна духу. З маёю характарыстыкай сьвяточнай атмасфэры ў доме сьвятара Беларускай Праваслаўнай Народнай Царквы Ўладыкі Юрыя пагадзіўся і прыхажанін рэфармацкага (кальвінскага) збору сп. Валянтын, які таксама быў госьцем і віншаваў гаспадара. Маладая сям'я новай плыні эмігрантаў зь Беларусі падаравала юбіляру букет чырвоных ружаў.
Вечарам госьці слухалі расказ Уладыкі пра тое, як бальшавікі забілі ягонага бацьку, як доўгі час ён мусіў жыць у Польшчы, як ў сярэдзіне 70-х гадоў выехаў у ЗША, як тагачасныя польскія ўлады перасьледавалі ягоную сям'ю. Уладыка Юры ня мае спакою і сёньня: у Беларусі рэжым Лукашэнкі перасьледуе сьвятара БАПЦ Яна Спасюка, які акурат 5-га жніўня быў вызвалены зь вязьніцы.
... Мы стаім на ўзвышку за домам гаспадара і ўглядаемся ў зорнае неба. Добра відаць Коўш і Птушыны Шлях. Кананада, узьнятая тутэйшымі цыкадамі, так падобная на крык нашага драча-балотніка. Зусім як нашыя раўчукі бруіць унізе амэрыканская рэчка. Падумалася: добра мець цара ў галаве і Бога ў сэрцы. Але тут ужо пачынаецца савецкая гісторыя...
Відушчы (вернік Каталіцкага Хросту)