Сэсія Прэзыдыюму Рады БНР

15-га красавіка ў Нью Ёрку адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Адкрываючы сустрэчу, старшыня Рады БНР сп-ня Івонка Сурвілла паведаміла пра свае звароты да кіраўнікоў дзяржаваў з заклікам падтрымаць беларускую дэмакратыю й дзеяньні апазыцыі ў змаганьні за незалежнасьць. Былі падведзеныя вынікі сьвяткаваньня 25 Сакавіка сёлета. Сп-ня Сурвілла адзначыла, што падзеі, якія адбыліся ў Менску, мусілі канчаткова пазбавіць заходніх палітыкаў ілюзіяў адносна сапраўдных прыярытэтаў палітыкі Лукашэнкі.

Старшыня Рады БНР выказала падзяку арганізатарам дэманстрацыяў, якія беларусы правялі ў Вашынгтоне, Нью-Ёрку й шэрагу эўрапейскіх сталіцаў. Сп-ня Івонка Сурвілла адзначыла таксама станоўчыя вынікі сустрэчаў з чэскімі палітыкамі, у якіх разам зь ёй браў удзел і Васіль Быкаў. Старшыня Рады БНР выказала меркаваньне, што варта было-б, каб у розных краінах актывісты беларускай дыяспары маглі-б заручыцца падтрымкаю ня толькі палітыкаў, але й прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў. Такія магчымасьці ў сяброў Рады БНР ёсьць, і іх скарыстаюць ў бліжэйшым часе.

Некаторыя сябры прэзыдыюму Рады БНР выказалі заклапо-чанасьць з прычыны таго, што некаторыя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі пачалі называюць Усебеларускі зьезд, які мае адбыцца ў Менску, Трэцім Усебеларускім кангрэсам са спасылкаю на пераемнасьць зь Першым Кангрэсам. Было адзначана, што Рада БНР падтрымае кожную ініцыятыву, накіраваную на ўмацаваньне беларускай незалежнасьці, аднак свае паўнамоцтвы яна зможа перадаць толькі воргану, які абраны беларускім народам з поўным выкананьнем усіх дэмакратычных працэдураў. У цяперашніх умовах такія выбары правесьці ў Беларусі немагчыма.

На паседжаньні распрацавалі пляны ўзаемадачыненьняў з уладамі ЗША ў мэтах дапамогі беларускай дэмакратыі й захаваньню незалежнасьці Беларусі. Вырашана таксама, што зьмены ў статут Рады БНР будуць зацьверджаныя на сэсіі, якая адбудзецца ў Кліўлендзе на пачатку верасьня сёлета.