Кандыдаты на пасаду старшыні нью ёрскага аддзелу БАЗА падчас апошняга выбарчага сходу сп. Віталь Зайка, сп. Ігар Шаламіцкі і сп-ня Ала Кузьміцкая.

Выбарчы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА

13-га траўня адбыўся справаздачна-выбарчы сход аддзелу БАЗА. Для яго правядзеньня сход абраў выбарчую камісію ў наступным складзе: сп. Валер Дворнік - старшыня, сп-ня Валянтына Якімовіч - сакратар, сп-ня Вера Бартуль, сп. Віталь Міхноўскі -сябры камісіі.

Наступным крокам была рэгістра-цыя сяброў для ўдзелу ў галасаваньні. На дзень правядзеньня выбараў сябрамі аддзелу зьяўляліся 105 асобаў. На рукі было выдадзена 82 мандаты, 29 зь якіх выдалі па пісьмовых давяральных заявах сяброў, якія не прыйшлі на сход і перадалі права голасу сваім давераным асобам .

Потым справаздачы за багаты падзеямі апошні каляндарны год зрабілі старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка, сакратар аддзелу сп-ня Галіна Навумчык. Фінансавую справаздачу скарбніка аддзелу сп. Анатоля Тальянскага зачытала старшыня рэвізыйнай камісіі сп-ня Ала Орса-Романо. Нажаль, сам скарбнік ня быў прысутны на сходзе. Заступнік старшыні сп. Марат Клакоцкі паведаміў, што па пошце атрымаў ад сп. Тальянскага заяву з просьбаю вызваліць яго ад абавязкаў скарбніка з прычыны кепскага стану ягонага здароў'я. Сход вырашыў прыняць усе справаздачы "з падзякаю".

На пасаду старшыні аддзелу на наступны год былі высунутыя тры кандыдатуры: Віталь Зайка, Ала Кузьміцкая, Ігар Шаламіцкі. Кожны з кандыдатаў выступіў з кароткай прамовай, у якой выклаў праграму дзейнасьці й адказаў на пытаньні. Сп. В. Зайка ў сваёй прамове зрабіў націск на прыцягненьне ў арганізацыю новых беларусаў, якія прыяжджаюць ў ЗША; на забесьпячэньне калегаваньня й супольнага баўленьня часу, арганізацыю сьвяткаваньняў, экскурсыяў; на стварэньне камісыяў пры аддзеле - палытычнай, выдавецкай, арганізацыйнай, дапамаговай, інфармацыйнай, фінансавай - якія-б ушчыльную займаліся канкрэтнымі пытаньнямі жыцьця аддзелу. Выступоўца адзначыў неабходнасьць пашырэньня кантактаў як з амэрыканскімі масавымі сродкамі й афіцыйнымі ўладамі, так і з палітыкамі і журналістамі ў Беларусі.

Сп-ня Ала Кузьміцкая ў сваёй праграме зрабіла націск на далейшую кансалідацыю сяброў аддзелу, павелічэньне колькасьці й якасьці імпрэзаў і прапанавала стварыць пададдзелы, якія-б займаліся канкрэтным колам пытаньняў палітычнай, культурнай, арганізацыйнай, фінансавай дзейнасьці аддзелу.

Сп. І. Шаламіцкі ў сваім выступе адзна-чыў, што пасада старшыні аддзелу дапамагла-б яму ў вырашэньні пытаньняў набыцьця Беларускага Дому на Мангатане й арганізацыі Беларускага крэдытовага зьвязу. У сваёй праграме ён прапанаваў прызначыць ва ўправу людзей з дакладна вызначаным полем дзей-насьці, падкрэсьліў неабходнасьць развіцьця кантактаў з усімі арганізацыямі беларускай дыяспары ў ЗША, у тым ліку іншымі аддзеламі БАЗА ды іншанацыянальнымі эмігранцкімі арганізацыямі.

Затым адбылося тайнае галасаваньне. Калі ўдзельнікі сходу выйшлі на перапынак, выбарчая камісія падвяла вынікі галасаваньня.

І хоць, здаецца, усе кандыдаты на пачатку сходу былі перакананыя ў сваёй перамозе, меркаваньне сябраў аддзелу ўсё паставіла на свае месцы, і было відаць, што вынікі тайнага галасаваньня ня выклікалі вялікага зьдзіўленьня. Сп. Зайку аддалі свае галасы 52 сябры аддзелу. За сп. Шаламіцкага і сп-ню Кузьміцкую аддалі свае галасы адпаведна 18 і 10 сяброў. Два пададзеныя бюлетэні былі незапоўненыя. Такім чынам абавязкі старшыні нью ёрскага аддзелу БАЗА да траўня 2001 году будзе выконваць сп. Віталь Зайка.

Сход зацьвердзіў прапанаваную старшынём ўправу аддзелу ў складзе: Марат Клакоцкі - заступнік старшыні, Аляксандар Міцкевіч - ганаровы старшыня, Валянтына Якімовіч - сакратар, Ала Кузьміцкая, Валеры Дворнік, Віталь Міхноўскі, Уладзімер Цяліца, Валеры Мілановіч, Людміла Чарапок - радныя.

Рэвізыйная камісыя былі пераабраныя на яшчэ адзін тэрмін у складзе: сп-ня Ала Орса-Романо - старшыня, сп. Франьціш Бартуль, сп. Зьміцер Левіт - сябры.

Вельмі адказная пасада скарбніка аддзелу засталася вакантная да наступнага чэрвеньскага сходу.