Студзеньскі сход аддзелу БАЗА

12-га студзеня адбыўся першы ў гэтым годзе сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка павіншаваў прысутных з Новым годам, а сем'і Навумчыкаў і Сапуноў з нараджэньнем дачок.
З аглядам апошніх падзеяў у Беларусі выступіў сп. Сяргей Навумчык. Ён перадаў прывітаньне ад беларускай суполкі "Скарына" ў Чэхіі. А потым спыніўся на праблемах экспансыі расейскага капіталу ў Беларусь. З гэтым непасрэдна зьвязаныя арышты кіраўнікоў буйных беларускіх прадпрыемстваў, каля 500 зь іх сёньня знаходзяцца пад арыштам або пад сьледствам. Іх абвінавачваюць у эканамічных злачынствах. Выглядае, што хваля рэпрэсіяў супраць дырэктарскага корпусу скіраваная на паралізацыю магчымага супраціву супраць прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, якая ўлучыць выключна расейскія кампаніі. Калі адбудзецца прыватызацыя на такіх умовах, задаволеныя будуць і Лукашэнка, і бізнэсовыя колы Расеі, у якіх свой вялікі інтэрас маюць расейская дзяржава й сп. Пуцін. Лукшэнка-ж здымае зь сябе адказнасьць за выплату заробкаў, і, у пэўнай ступені, фактар сацыяльна-эканамічнай нестабільнасьці. Хто губляе? Перш за усё беларускія людзі, у якіх скрадуць маёмасьць, за якую лілі свой пот, сьлёзы, а часта й кроў яны, іхныя бацькі й дзяды. Губляе беларуская культура, на разьвіцьцё якой замежныя "браткі" не падкінуць і шэляга. Будучыня Беларусі яшчэ мацней трапіць у залежнасьць ад падзеяў у Расеі, ад ейнай крымінальна-мілітарысцкай сыстэмы. Лукашэнка прымушае дырэктароў маўчаць, адпіхваючы ад удзелу ў прыватызацыі.
Затым сп. Навумчык распавёў пра сустрэчу з былым супра-цоўнікам КГБ Угляніцам і сябрам СПА "Край" Жарнасекам у Нарвегіі, дзе яны атрымалі палітычны прытулак.
Скарбнік аддзелу сп. Валеры Дворнік зрабіў справаздачу аб сьвяткаваньні Новага году, а таксама заклікаў прысутных акуратна аплочваць свае сяброўскія складкі.
Сп-ня Ала Орса-Романо распавяла пра праекты адукацыйна-культурніцкай фундацыі, скіраваныя на падтрымку беларускай мовы й культуры ў Беларусі.
Сп. Антон Шукелойць паведаміў пра падрыхтоўку чарговай Сустрэча Беларусоў Паўночнай Амэрыкі.
Прысутныя пазнаёміліся з гасьцямі, што прыйшлі на сход, пачулі аб'явы, змаглі пагутарыць з сябрамі пры кубку кавы.