Верасьнёўскі сход аддзелу БАЗА

9-га верасьня адбыўся сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Перад прысутнымі выступіў Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ сп. Зянон Пазьняк, які даў ацэнку сытуацыі ў Беларусі. Ён ахарактарызаваў яе як унутраную акупацыю, калі замежная краіна рукамі свае "пятае калёны" ажыцьцявіла ціхі дзяржаўны перакуль і цяпер вынішчае рэшты супраціву, асабліва ў галіне нацыянальнае культуры, жорстка распраўляючыся з усімі, хто хоць у нейкай ступені, як пракладам, размаўляючы ў грамадзкіх месцах па-беларуску, выяўляе сваю прыхільнасьць да беларускасьці. Улады ўзурпатарскага рэжыму Лукашэнкі ня робяць розніцы паміж славутымі асобамі кшталту Быкава і прастымі людзьмі, што асьмельваюцца, напрыклад, размаўляць з АМОНам і сьпецназам па-беларуску. Усіх, ужываючы словы служакаў лукашэнкаўскага рэжыму, "трэба мордаю у гразь". Так у час Галакасту нацысты ставіліся да габраяў - няма розьніцы, ці то Энштэйн, ці то просты мястачковы шавец. Усім рыхтаваўся адзін шлях - у яму. Такі падыход прадэманстравалі падзеі 25 Сакавіка, калі была апрабаваная мэтодыка фільтрацыйных лягероў.

Рэжым выціснуў з вышэйшых урадавых структураў ня толькі ўсё беларускае, а нават верных лёкаяў, што былі этнічна беларускага, а не расейскага паходжаньня, як прыкладам, Антановіча, Лінга, Пракаповіча, Даўгалёва.

Ня лепшыя справы і з падтрымкаю беларускае апазыцыі з боку Захаду. Большасьць палітыкаў разумеюць сытуацыю (як паказала прамова сэнатара Вайновіча ў Кліўляньдзе), але баяцца папсаваць адносіны з Масквою, таму гуляюць у дзьве рукі - расейскую і беларускіх незалежніцкіх сілаў. АБСЭ ўвогуле зрабілася ў Беларусі структураю для лабіраваньня нямецкае палітыкі, дбаючы пра інтарэсы Рургазу і Газпрому, але зусім не пра Беларусь. Расейцы, і ў пэўнай ступені Нямеччына, зацікаўленыя ў легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, і частка апазыцыі ў Беларусі, нажаль, ня здолела гэтага адразу зразумець, паддаўшыся на правакацыю з надыходзячымі выбарамі ў так званую палату.

Тым ня менш Беларускі нацыянальны вызвольны рух набірае сілаў. Быў праведзены Ўсебеларускі зьезд, ідзе збор падпісаў за незалежнасьць і за адстаўку Лукашэнкі, праводзяцца дэманстрацыі і пікеты за байкот выбараў. Рыхтуецца кандыдатура на прэзыдэнцкія выбары 2001 году. У народзе высьпявае разуменьне ролі Расеі ў беларускіх справах, беспэрспэктыўнасьці рэжыму Лукашэнкі. Нацыянальны вызвольны рух ня зьнішчыць, і будучыня за ім.

Сваімі думкамі наконт выступа сп. Пазьняка падзяліўся з прысутнымі Старшыня Галоўнае Ўправы БАЗА сп. Антон Шукелойць, які адзначыў, што Лукашэнка, як крэатура КГБ, загнаў сябе ў кут, калі ягоныя гаспадары могуць зьмяніць яго на больш паслухмянага халуя. Шэраг партыяў і палітычных дзеячоў, што бяруць удзел у выбарах, робяцца кліентамі рэжыму, ствараючы блёк, накшталт таго, якім у парадваенной Польшчы быў згоднтцкі "блёк супрауоўніцтва з блёкам маршалка Пільсудскага".

У розным выступіў сьвятар з мястэчка Пагранічны на Горадзеньшчыне а. Ян Спасюк, які распавёў пра рэлігійную сытуацыю ў ягонай мясьціне, пра перасьлед з боку мясцовых цывільных уладаў і КГБ за адмову падпарадкоўвацца загадам філярэтавай РПЦ. У ЗША сьвятар знаходзіўся з візытам, сустракаўся з урадоўцамі ў Дзяржаўным дэпартаменьце ЗША ў Вашынгтоне, а таксама меў гутарку са Старшынём Міжнароднай Лігі правоў чалавека сп-няй К. Фіцпатрык.

Прысутныя на сходзе маглі пазнаёміцца з апошнімі нумарамі перыёдыка "Беларускія Ведамасьці", што выдае Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ.