Касерычніцкі сход аддзелу

14-га кастрычніка адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. На пачатку з паведамленьнем пра апошнія падзеі ў Беларусі выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Ён распавёў аб прызначаных Лукашэнкам на 15-е кастрычніка выбарах у ягоны кішэнны "парлямант" - т. зв. палату прадстаўнікоў, аб кампаніі апазыцыі "Байкот-2000", рэпрэсіі ўладаў, крывадушнасьць кіраўніка кансультацыйнай групы АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка. Сп. Зайка паведаміў таксама пра заяву Дзярждэпартамэнту ЗША аб непрызнаньні вынікаў выбараў з-за адсутнасьці ўмоваў для свабоднага волявыяўленьня народу.

Затым з паведамленьнем аб сканчэньні працы над ангельска-беларускім слоўнікам выступіў Старшыня Галоўнае Ўправы БАЗА і сябра слоўнікавае камісіі сп. Антон Шукелойць. Ён адзначыў, што падрыхтоўка слоўніка да друку ёсьць вялікай падзеяй у культурным жыцьці як у замежжы, гэтак і на Бацькаўшчыне. Патрэба ў салідным слоўніку ангельскае мовы, фактычна міжнароднае мовы, для беларусаў насьпела даўным даўно. Ён коратка распавёў пра гісторыю стварэньня слоўніка. Пэўны час таму назад аўтарка падручніка беларускай мовы, што выйшаў у Канадзе, сп-ня Валянтына Пашкевіч перадала ў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНіМ) рукапіс ангельска-беларускага слоўніка, які патрабаваў рэдактарскай працы. Была ўтвораная слоўнікавая камісія, якая распачала сваю дзейнасьць каля 10 гадоў таму. Склад яе на працягу гэтых гадоў часткова мяняўся. Была параведзеная вяліка праца па ўдасканаленьні складу слоўніка, удакладненьні перакладу асобных словаў і выразаў. Памер слоўніка складае 40 000 словаў. Цяпер мяркуецца выбраць друкарню і выдаць слоўнік накладам каля 5 000 асобнікаў.

Сп. Шукелойць паведаміў прысутным на сходзе пра аўтарку слоўніка сп-ню Валянтыну Пашкевіч. Яна паходзіць з Пружанаў, дзе ў 1935 годзе скончыла пальскую гімназію і ў той-жа год паступіла на гуманітарны факультэт Унівэрсытэту Сьцяпана Батуры ў Вільні, у адзін год са сп. Шукелойцем, стала сяброўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу. Праз годл яна перайшла на матэматычна-прыродаведчы факультэт. Пасьля сканчэньня унівэрсытэту, які, да рэчы, меў працэнтнае абмежаваньне пры прыёме на вучобу беларусаў, сп-ня Валянтына Пашкевіч працавала настаўніцай - пры паляках, саветах і немцах, несла вучням беларускую нацыянальную сьведавасьць. Пасьля вайны апы-нулася на Захадзе і там працягвала працу ў беларускім школьніцтве. На грант міністэрства адукацыі Канады выдала свой "Падручнік беларускай мовы" ў 2-х тамох.

Сп-ня Ала Орса-Романо, таксама сябра слоўнікавае камісіі, дапоўніла аповяд сп. Шукелойця.

Потым з паведамленьнем пра беларускае жыцьцё ў рэгіёне Бостану выступіў сп. Раман Кардонскі. Ён адзначыў, што хоць аддзел БАЗА ў Бостане пакуль невялікі, але людзей удалося зацікавіць справай. На жаль, са старэйшага пакаленьня беларусаў застаўся бадай толькі адзін сп. Зарэцкі. Тым ня менш праца ідзе. Сп. Кардонскі паведаміў пра "беларускія барбекю" ў Бостане і пра Інтэрнэт-праект "Беларуская Музычная Крыніца". Ён адзначыў, што да 100-годзьдзя славутага беларускага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага ў Менску плянуецца выдаць капмакт-дыск.

У разьдзеле рознае сябры аддзелу й госьці маглі зрабіць аб'явы й паведамленьні