Студзеньскі сход аддзелу БАЗА

13-га студзеня адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. На пачатку сходу старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка зрабіў агляд падзеяў у Беларусі. Найбольш важнымі зь іх можна было-б назваць працу Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў па вылучэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі на маючыя адбыцца ўвосень прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. На ролю адзінага кандыдата прэтэндуюць Сямён Домаш, Міхаіл Чыгір і Уладзімер Ганчарык. Кандыдатура Домаша мае пакуль найбольшую перавагу, але працэс вылучэньня яшчэ працягваецца. Справа ўскладняецца тым, што шэраг партыяў, якія раней гарнуліся да Каардынацый-най рады й называлі сябе апазыцыйнымі, як Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя "Народная Грамада" й Ліберальна-дэмакратычная партыя, цяпер заявілі аб выстаўленьні сваіх собскіх кандыдатаў на выбары прэзыдэнта. З усіх кандыдатаў менавіта Домаш зьяўляецца найбольш прыймаль-наю асобаю для кандыдата дзеля ягоных станоўка незалежніцкіх паглядаў, падтрымкі беларускай мовы й вопыту кіраваньня на рэгіянальным узроўні (Горадзеньшчына).

Другі блёк падзеяў быў зьвязаны зь беларуска-амэрыканскімі адносінамі. Амбасадар ЗША ў Беларусі сп. Майкл Козак, які даволі жорстка выказваецца пра рэжым у Беларусі, мэтанакіравана прыніжаецца ўладаю праз сьведамае адкладаньне прыняцьця павераных граматаў Лукашэнкам. 13-га студзеня на традыцыйную сустрэчу Лукашэнкі з кіраўнікамі замежных дыпляматычных місіяў, сп. Козак зусім ня быў запрошаны. Яшчэ раней, у парушэньне Венскае Канвэнцыі, Лукашэнка пачаў прымаць граматы ад амбасадараў, якія прыбылі значна пазьней амбасадара Козака. Усё гэта кантрастуе з лукашэнкавай фразэалёгіяй аб жаданьні палепшыць адносіны з ЗША.

Сярод іншых паведамленьняў сп. Зайка ўзгадаў узнагаро-ду Беларускага Экзархату РПЦ для журналістаў, якія праз дзяржаўныя масавыя сродкі абліваюць брудам нерасейскія і неправаслаўныя канфэсіі, асабліва пратэстантаў, якіх залічаюць у "шкодныя сэктанты" і "зброю ў руках Захаду".

Добрыя надзеі ўнесьлі страйкі прадпрыймальнікаў, якія зарганізаваліся і каардынавалі дзеяньні на узроўні краіны, і выказалі пратэст супраць новых падаткаў і вельмі неспрыяльных умоваў для выяўленьня прыватнае ініцыятывы.

Потым старшыня аддзелу паведаміў аб маючым адбыцца 18-га сакавіка сьвяткаваньні Дня Волі, гадавіны абвешчаньня Незалежнасьці БНР і заклікаў прысутных справамі далучыцца да падрыхтоўкі сьвяткаваньня.