Сьнежаньскі сход аддзелу БАЗА

8-га сьнежня прайшоў чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка паінфармаваў прысутных пра падзеі ў Беларусі за апошні месяц. Сярод іх прамоўца адзначыў падзеі ў Курапатах і абарону гэтай сьвятыні ад разбурэньня; суд над групай Ігнатовіча, што падазраецца ў датычнасьці да зьнікненьня палітыкаў у Беларусі; пра рост даўгоў па заробках, візыт прадстаўніцы Дзяржаўнага дэпартаманту ЗША Шэрыл Джонсан на Берасьцейшчыну, а таксама пра маючы адбыцца ў ліпені 2002-га году ў Менску Міжнародны сымпозыюм пад эгідай ЮНЭСКА "Мова й культура народу ў кантэксьце глябалізацыі", на якім плянуецца ўзьняць на міжнародны ўзровень тыя праблемы, з якімі сутыкнулася ўжываньне роднай мовы ў Беларусі.
Затым сп. Валеры Дворнік паведаміў прысутным аб падрыхтоўцы да навагодняй вечарыны й заклікаў усіх прысутных прыйсьці на вечарыну разам са сваякамі й знаёмымі, узяць актыўны ўдзел у сьвяткаваньні. У "Розным" сп. Вячка Станкевіч распавёў пра сэмінар "Я магу жыць лепей", ягоныя мэты й задачы, а сп. Вячаслаў Мішук падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сэмінару.
Пасьля гэтага прайшла БАЗАўская лятарэя, у падрыхтоўцы да якой актыўны ўдзел бралі сп.сп. Марат Клакоцкі, Ала Орса-Рамана й Валеры Дворнік. Сярод падрыхтаваных прызоў пераважалі вырабы беларускага народнага мастацтва, але галоўным прызам стаў тэлевізар "SHARP", які дастаўся, як высьветліла лёсаваньне, найстарэйшай сяброўцы БАЗА паважанай сп-ні Яніне Каханоўскай, якой споўніўся сёлета 91 год. Праводзіць лятарэю дапамагалі маленькія беларусачкі сп-чні Ксеня Капытка й Насьця Шчэрбацэвіч - яны выцягвалі нумары выйгрышаў.
Затым пры шчодрым стале з індыкам ды самымі рознымі прысмакамі, падрыхтаванымі клопатамі сп.сп. Алы Орса-Рамана, Анатоля Колбуна,Валерага Дворніка, сп-ва В. І Ф.Бартулёў удзельнікі сходу й госьці мелі магчымасьць пагутарыць зь землякамі, паслухаць беларускую музыку, а жадаючыя нават патаньчыць.