СЛАБАДАН МІЛОШАВІЧ ПАД СУДОМ

Нядаўна сьвет абляцела вестка, што былы прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч стане перад судом Міжнарднага Трыбуналу ў Гаазе.

Прэцэдэнт гэты добры тым, што прымусіць задумацца шмат якіх кіраўнікоў у сьвеце аб тым, што й як яны робяць на сваіх пасадах, у тым ліку й сёньняшняга беларускага ўзурпатара ўлады, які яшчэ зусім нядаўна быў найбліжэйшым сябрам і хаўрусьнікам падсуднага. Суд напомніць ім, што за парушэньні законаў усё-ж некалі трэба будзе адказваць.

Але разам з пачуцьцём задавальненьня, што злачынца будзе пакараны, зьяўляюцца й супрацьлеглыя, выкліканыя тым, што няма ў сусьветнай супольнасьці такой сілы, якая магла-б прыцягнуць да адказнасьці ўсіх злачынцаў. Другімі словамі, гэта менавіта тое, у чым часта абвінавачваюць Злучаныя Штаты й іх хаўрусьнікаў, у палітыцы "падвоеных стандартаў". Мілашавіча будуць судзіць, але другім забойцам усё зыдзе з рук, абы была непахісная ўлада ды ўплыў.

Мілошавіч, з аднаго боку рабіў усё неабходнае, каб заха-ваць сваю краіну ад распаду й хаосу. І на яго месцы, думаю, любы прэзыдэнт прыняў-бы рашучыя меры ў барацьбе з тэрарыстамі, якія хучуць адкалоць частку краіны. З другога боку, у гэтай барацьбе ён перайшоў дазволеную мяжу.

Пачынаючы вайну ў Косава, НАТА абвінавачвала Мілошавіча ў генацыдзе косаўскіх альбанцаў і забойстве найменш 10 000 чалавек у першыя тыдні канфлікту. За два гады расьсьведаваньняў і раскопаў гэтыя абвінавачаньні не падцьвердзіліся. Пад час экзгумацыяў былі знойдзеныя рэшткі каля 4000 забітых, але адназначна ідэнтыфікаваць іх як цывільнае альбанскае насельніцтва было немагчыма. Гэта маглі быць і забітыя пад час узброеных сутычак і баёў. Цяпер Мілошавіча абвінавачваюць у ваенных злачынствах, парушэньні Жэнеўскай Канвэнцыіі аб вядзеньні вайны, - парушэньні даволі частым падчас падобных канфліктаў. Абвінавачваньне Мілошавіча ў злачынствах перад чалавецтвам ня ідзе ў ніякія параўнаньні са злачынствамігітлераўскіх фашыстаў ці японскіх мілітарыстаў у часе Другой Сусьветнай вайны. Як бачым, патрабаваньні для такіх абвінавачваньняў сёньня значна зьнізіліся. Калі непапулярны, але дэмакратычна абраны прэзыдэнт, як Мілошавіч, можа быць арыштаваны й суджаны, то чаму гэтага ня можна зрабіць з другімі падобнымі яму лідэрамі ў сьвеце.

Гаагскі Трыбунал робіць важны й цікавы прэцэдэнт. Зьняўшы абвінавачваньні Мілошавіча ў генацыдзе, ён адкрывае дарогу для праверкі правільнасьці палітыкі шмат якіх кіраўнікоў краінаў і вайскаўцаў. Кожны кіраўнік, які паслаў войскі ў канфлікт, можа быць адказны за сьмерць цывільных і перавышэньне сілы. Сьпіс патэнцыйных кандыдатаў на суд можна пачынаць ад такіх уплывовых асобаў як Уладзімер Пуцін за злачынствы ў Чачні й закончыць малавядомым прэзыдэнтам Мазамбіку Джоакімам Чыссано, які заставаўся прэзыдэнтам у сваёй краіне падчас грамадзянскай вайны. У гэты сьпіс можна сьмела ўлучаць і былога прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, які даваў прыказы аб пачатку апэрацыяў у Косаве, Самалі, Аўганістане й Судане. Там таксама загінулі цывільныя людзі. Амэрыканскія вайскоўцы, так як і іх калегі з Канады, Вялікабрытаніі ды скандынаўскіх краінаў, якія бралі ўдзел у міратворчых апэрацыях, могуць таксама хутка сутыкнуцца з падобнымі праблемамі.

Міжнародны суд, хочучы прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, абавязкова адчуе недахоп выканаўчай улады, якая магла-б знайсьці й затрымаць абвінавачаных, бо няма яшчэ ў сьвеце такога суду, які-б мог прымусіць кітайцаў, расейцаў ці амэрыканцаў арыштаваць свайго цяперашняга ці былога кіраўніка.

Але якімі-б не былі вынікі й наступствы суда над Мілошавічам, гэты працэс, безумоўна, прымусіць палітыкаў у сьвеце задумацца над тым, якімі шляхамі яны ідуць да улады, а потым яе ўтрымліваюць.

Марат Клакоцкі