СТАТЫСТЫКА ВЫМІРАНЬНЯ

У чэрвені насельніцтва Беларусі ўпершыню за апошнія 25 гадоў апусьцілася ніжэй за 10-мільённую адзнаку. Пры такіх тэндэнцыях праз 50 гадоў насельніцтва краіны скароціцца ўдвая. Паводле вызначэньня ААН, краіна лічыцца "старою", калі доля людзей, век якіх звыш 65 гадоў, складае больш за 7%. Беларусь гэты паказчык перавысіла амаль удвая - 13%.

Сярэдняя працягласьць жыцьця беларускіх мужчын цяпер складае 62 гады. У жанчын гэты паказчык адносна высокі - 74 гады. Такая розьніца тлумачыцца значным ростам сьмяротнасьці сярод мужчын ад анкалягічных хваробаў, інсультаў ды інфарктаў. Другая прычына - сьмерць ад няшчасных выпадкаў. З 33.000 такіх выпадкаў у працаздольным веку 26 тысячаў прыходзіцца на долю мужчын.

Такім чынам, за 10 апошніх гадоў насельніцтва краіны зьменшылася на 190 тысячаў чалавек. Мінулы год адзначаны своеасаблівым рэкордам: за першае паўгодзьдзе дысбалянс дасягнуў 30.000 - нарадзілася 44.000, памерла 74.000. У 70-м годзе памерлых было дакладна столькі-ж - 74 тысячы, але тады на сьвет зьявілася 159 тысячаў новых грамадзянаў.

Гэты год таксама адзначаны пераадоленьнем сумнага рубяжу: калі ў студзені насельніцтва Беларусі яшчэ складала 10.019.000 чалавек, дык у чэрвені Беларусь згубіла свой 10-мільённы статус. Паказальна, што цяпер у Індыі за два дні нараджаецца дзяцей больш, чым у Беларусі цягам году.

Рост колькасьці жыхароў рэгістраваўся да 94-га году. Увесь пэрыяд прэзыдэнцтва Лукашэнкі характарызуецца працэсам гэтак званае "дэпапуляцыі". Збываецца імправізаваны прагноз: "будзеце жыць блага, але нядоўга".

Дысбалянс паміж сталымі мужчынамі й жанчынамі найперш відаць на вёсцы, дзе жыцьцё мужчын, падарванае ненармаваным працоўным днём ды няякасным алькаголем, амаль на 5 гадоў меншае за гарадзкіх. Нават паводле афіцыйных прагнозаў, становішча ў вёсцы такое, што праз 40-50 гадоў там увогуле не застанецца працаздольных людзей.