СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ НА БЕЛАРУСКАЙ ТЕЛЕВІЗІІ

У суботу, 27-га траўня, гледачы праграмы дзяржаўнае тэлевізіі "Панарама" былі сьведкамі надзвычайнай у сёньняшніх беларускіх умовах зьявы - у наўпроставым эфіры нечакана зьявіўся былы Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч. Ягоны выступ, аднак, доўжыўся ўсяго паўхвіліны. Як толькі вядучаму Юрыю Казіятку не спадабаліся ацэнкі суразмоўцы, мікрафон быў імгненна выключаны, Шушкевіча на паўслове перапынілі, і ён зьнік з кадру, а Казіятка пачаў даваць зьневажальны для асобы спадара Шушкевіча камэнтар.

Сп. Шушкевіч лічыць, што запросіны выступіць у наўпроставым эфіры абумоўленыя тым, што ўлады хочуць неяк пацьвердзіць абяцаньні даць апазыцыі доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Увесь час, напрыклад, амбасадар Вік - прадстаўнік АБСЕ - гаворыць, што сытуацыя паляпшаецца. Вось і патэлефанаваў гэты Казіятка і сказаў, што яны гатовыя запісаць камэнтар аб стаўленьні да дыялёгу, які вядзе рэжым з абмежаваным колам арганізацыяў ляяльных да сёньняшніх уладаў.

Былы Старшыня Вярхоўнага Савету згадзіўся толькі на наўпросты эфір, і яму паабяцалі даць дзьве хвіліны выказаць свае меркаваньні. "Я зразумеў так, што адмовіцца ня маю права. Вы ўяўляеце, што будзе, калі яны запішуць тэлефонную размову, у якой я адмовіўся ад выступу? Я ведаў, што будуць нейкія правакацыі, але ня ведаў якія." - сказаў сп. Шушкевіч.

Ён лічыць, што вядучы "Панарамы" атрымаў заданьне пацьвердзіць, што апазыцыя мае доступ да прамога эфіру, і другое - зьняважыць, каб адбіць ахвоту шукаць прамы эфір.

А сказаць сп. Шушкевіч зьбіраўся пра тое, што беларусы сёньня працуюць ня горш, чым іхныя заходнія суседзі, што талентам яны не пакрыўджаныя, што людзі сумленныя і шчырыя, і што заробкі нашых заходніх суседзяў у 5-8 разоў перавышаюсь заробкі беларусаў. Куды дзяюцца тыя грошы, калі людзі працуюць, і калі, як сьцьвярджае рэжым, валавы ўнутраны прадукт расьце? Адказ адзін: проста крадуць тыя, хто над намі. Вырубаюцца беларускія лясы, адміністрацыя прэзыдэнта здае нешта ў арэнду, атрымлівае грошы, якія ня йдуць у бюджэт. Народ проста абрабоўваюць. Ён хацеў зьвярнуць увагу, што дыялёг патрэбны для таго, каб знайсьці цывілізаванае выйсьце з гэтага агіднага становішча, калі адныя жыруюць і крадуць, а іншыя жывуць у бядноце.