Сустрэча зь беларускім апазыцыянерам

20-га траўня ў Фундацыі імя П. Крэчэўскага адбылася сустрэча беларускай грамады Нью Ёрку з адным зь лідэраў беларускай апазыцыі, намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня (ВС-13), старшынём Аб'еднанай Грамадзянскай партыі (АГП) сп. Анатолем Лябедзькам.

На пачатку свайго выступу сп. Лябедзька адзначыў, што за апошнія гады Беларусь напаткала дзьве катастрофы - Чарнобыль у 1986 г. і лукашэнкаўскі дзяржаўны перакуль у 1996 г. Менавіта тады Лукашэнка ўдасканаліў сваю тэхналёгію маніпуляцыі грамадз-каю думкаю і тактыку выкручваньня рук апанэнтам, якія ён актыўна ўжывае сёньня. У ВС-13, ня гледзячы на інаваньне 5-ці фракцыяў, у тым ліку самай моцнай пралукашэнкаўскай, удалося за паўгады падрыхтаваць імпічмэнт, за які была сабраная дастатковая колькасьць галасоў, але тады пачаўся шалёны ціск і злоўжываньні дыктатара. Людзей выклікалі і ставілі перад выбарам: аб адмова ад подпісу, або будзе сфабрыкаваная крымінальная справа на сына ці сваяка. Многіх перакупілі абяцаньнямі ўрадавых пасадаў ды ільготаў. Тых, хто як дэпутаты Клімаў і Кудзінаў, не адмовіліся ад подпісаў за імпічмэнт, кінулі за краты па сфальшаваных абвінавачваньнях. У выніку рэжым канчатко-ва прыняў сваю сёньняшнюю ўзурпатарскую таталітарную форму. Сёньня Лукашэнка тымі-ж мэтадамі расправіўся з Чыгіром, які фактычна выключаны з палітычнага жыцьця праз нядаўні прысуд да 3 гадоў зьняволеньня з адтэрміноў-каю на 2 гады. Зьнікненьне Захаранкі і Ганчара паказвае, што Лукашэнка можа пайсьці на фізычную ліквідацыю апанэнтаў. Больш таго, экспэрты ўважаюць, што рэжым мае адмысловую патаемную структуру палітычнага тэрарызму, у якую ўваходзяць агэнты-ліквідатары, што ня ёсьць грамадзянамі Беларусі і ніяк зь ёю не зьвязаныя, чым выключаецца магчымасьць выцёку інфармацыі й абсалютовая сакрэтнасьць зьнішчэньня ворагаў рэжыму.

Але, адзначыў сп. Лябедзька, часы мяняюцца. Палітыка рэжыму адштурхнула многіх былых прыхільнікаў, хоць шмат у каго вочы яшчэ залепленыя афіцыйнай прапагандай. Цяпер прыхільнікі Лукашэнкі - гэта пераважна людзі старэйшага ўзросту, што жывуць на пэрыферыі і маюць невысокую адукацыю. Апытаньні грамадзкай думкі не заўсёды адпавядаюць рэальнай сытуацыі, бо вялікая колькасьць людзей, якія непасрэдна залежаць ад рэжыму, як напрыклад 70 тыс. дзяржаўных служачых або 125 тыс. міліцыянтаў, баяцца выказваць свае праўдзівыя думкі нават незалежным апытвальнікам. Па ацэнках Інстытуту Манаева толькі 15% гатовыя падтрымліваць Лукашэнку ў любых умовах. Каля 1/3 грамадзтва настаўленыя станоўка супраць Лукашэнкі, а каля 50% складае т. зв. балота, людзі, якія ніяк не вызначылі сваёй пазыцыі.

Таму, надумку сп. Лябедзькі, трэба працаваць ня з тымі, хто чытае "Народную Волю", ходзіць на мітынгі, а з тым самым "балотам", ад настрояў якога будзе залежаць палітычны лёс Беларусі ў бліжэйшы час. У сувязі з гэтым прамоўца заўважыў, што паколькі ён ёсьць палітык, а мовай палітыкі ў Беларусі больш ёсьць нібыта расейская мова, дык ён піша і прамаўляе ў Беларусі пераважна па-расейску. Палітыкі, маўляў, трэба каб яго слухалі, а слухаць і тым больш разумець 80% насельніцтва гатова толькі па-расейску. Тут сп. Лябедзька шчыра выказаў свой прагматызм - спадзяемя, што не беспрынцыповасьць.

На пытаньне аб ягоным стаўленьні да беларускай мовы і культуры сп. Лябедзька адказаў, што як ураджэнец Стаўпеччыны, ён гаворыць па-беларуску з нараджэньня, але быў пэўны час, калі хацелася быць як іншыя маладыя людзі , гаварыць "па-гарадзкому", г. зн. па-расейску. Мова мусіць гучаць і вучыць ёй трэба з дзіцячага садка. "Канечне, у прадвыбарнай кампаніі я пра гэта не скажу", - падвёў рысу сп. Лябедзька, напэўна, маючы на ўвазе, што абарона беларускай мовы можа адпіхнуць ад яго пэўную групу электарату. Вырашыць моўную праблему за адзін раз не атрымаецца. Як выказаўся прамоўца:"Ня трэба гвалціць дарослых людзей, што ня хочуць гаварыць па-беларуску". Тым ня менш сп. Лябедзька падкрэсьліў, што будучы ўрад павінен будзе сказаць вырашальнае слова ў справе мовы і культуры. Ён нагадаў, што 1994-95 г.г. настрой ў грамадзтве быў спрыяльны, і амаль усе выступы ў Вярхоўным Савеце рыхтаваліся на беларускай мове, бо тады дзяржава выяўляла, хай і ня надта рашуча, заклапочанасьць будучыняй мовы.

Закранаючы пытаньне адносінаў з Расеяй сп. Лябедзька сказаў, што Расея на сёньня ёсьць галоўны суб'ект палітычнага жыцьця Беларусі. Заклінаньнямі ваяваць з Расеяй ня ёсьць эфэктыўна. Патрэбныя хітрасьць і гнуткасьць. Дэмакратыя расейскіх дэмакратаў канчаецца там, дзе пачынаецца беларускае пытаньне. Тым ня менш, з Расеяй магчыма і неабходна мець справу, каб быць паінфармаванымі пра яе памкненьні і карыстаць з кожнай нагоды для абароны незалежнасьці Беларусі.

Гаворачы пра эканамічную палітыку, на якой трымаецца рэжым Лукашэнкі, прамоўца назваў перш за ўсё фінансавую дапамогу Расеі, ільготныя цэны на энерганосьбіты і сыравіну. Другой крыніцай ёсьць гандаль зброяй і транзіт расейскай зброі ў краіны, зь якімі Расея дзеля захаваньня міжнародных пагадненьняў ня хоча мець непасрэдны кантакт (Іран, Ірак). Была таксама і трэцяя крыніца, абсалютова крымінальная - кантрабанда алкаголю ў Расею праз спэцыяльна створаныя фірмы кшталту Торгэкспо. Гэтая фірма кантралявалася асабіста Лукашэнкам, і толькі ў першым квартале 1996 г. на яё прыпадала 25% усяго абароту Беларусі. 95% абароту фірмы складаў алкаголь, які без накладаньня мыта ішоў у Расею, а амаль увесь прыбытак - у асабістую кішэню Лукашэнкі. У выніку, пакуль гэты кантрабандны паток да "старэйшага брата" ня быў спынены, Расея згубіла каля 3 млрд. даляраў. Дарэчы, адною з прычынаў разгону парлямэнту стала тое, што група дэпутатаў (на 80% з таго-ж ідэалягічнага кола, што і Лукашэнка) запатрабавалі справаздачу аб фінансавых рэсурсах Лукашэнкі. Увогуле Беларусь вартая быць занесенай у кнігу рэкордаў Гінэса як краіна, што мае 2 парлямэнты, 2 канстытуцыі, 2 бюджэты - афіцыйны і т. зв. прэзыдэнцкі фонд. Дарэчы, Лукашэнка й афіцыйным бюджэтам карыстаецца як сваім ўласным.

Беларускі дыктатар збудаваў уладу на страху. Гэты страх ня новы, гэта аднаўленьне гвалту і беззаконьня савецкіх часоў 1937 году. Акрамя таго ён хоча паставіць усіх жыхароў краіны ў поўную залежнасьць ад дзяржавы, што сёньня значыць ад яго асабіста. Фактычна ён прапануе стаць 10 мільёнам у чаргу да яго рэзыдэнцыі, а ён як цар і самаўладца будзе вырашаць лёсы ўсіх і кожнага.

Але, на думку сп. Лябедзькі, ня ўсё так сумна. Калі пасьля 1996 г. назіраўся заняпад у актыўнасьці апазыцыі, дык апошнім часам апазыцыя аб'ядналася і з абароны перайшла ў наступ. Пасьля Маршу Свабоды-1 і Вясны-2000 ініцыятыва належыць ёй. Апазыцыя працуе ў выключна жорсткіх рэпрэсыўных умовах, але ейыя акцыі прыцягваюць усё больш і больш людзей. Вельмі важным і кантравэрсійным ёсьць пытаньне аб удзеле ў магчымых парлямэнцкіх выбарах. З аднаго боку, гэта кантакт з выбаршчыкамі, прапаганда сваіх праграмаў, выпрабоўваньне сваіх кадраў. З другога - легалізацыя рэжыму, гульня па ягоных няроўных правілах і ва ўмовах гебельсаўскай прапаганды і магчымага фальшаваньня амаль 90% вынікаў выбараў. Манаполія на сродкі масавай інфармацыі - адна з падвалінаў рэжыму. Лукашэнка хоча выйграць выбары за любы кошт. Ён можа спалучыць парлямэнцкія выбары з прэзыдэнцкімі і ўжо прызначыў на месцах адказных за тое, каб усё праходзіла па яго сцэнару.

Але заклаўшы Беларусь падчас сваёй гульні за крамлёўскі трон, Лукашэнка прайграў. Цяпер, згубіўшы стратэгічную мэту, ён мусіць вяртацца на вынішчаную ім самым зямлю. І Беларусь ужо пачынае ўставаць ад сну. Няма сумліву, што апазыцыя пераможа. Гэта пытаньне часу. Беларусь ёсьць у цэнтры Эўропы, праз яе дзьмуць вятры сусьветных зьменаў, яна ўжо не агурок у слоіку. Праблема цяпер ужо ў наступствах панаваньня Лукашэнкі, у ягонай спадчыне. Ён разбэсьціў людзей, адвучыў працаваць, верыць у свае сілы, не баяцца новых ідэяў. Таму пры першых складанасьцях з усталяваньнем новага ладу людзі зноў могуць адчуць настальгію па старому і зноў запатрабаваць Лукашэнку на трон. Сп. Лябедзька выказаў думку, што слушна было-б не караць Лукашэнку зьняволеньнем пасьля адхіленьня ад улады, а па-просту, зьмясьціць яго ў вар'ятню, туды дзе ён і належыць. Гэта пазбавіла-б яго магчымасьці пры выпадку зноў стацца папулярным мучанікам сярод найбольш адурманеных ягонай прапагандай беларускіх грамадзянаў .

Віталь Зайка