24-Я СУСТРЭЧА БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЕ АМЭРЫКІ,

якая адбылася ў Кліўляньдзе прыняла наступную Рэзалюцыю:
"ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО амэрыканцы й канадцы беларускага паходжаньня вельмі ўстурбаваныя станам справаў у Беларусі й жадаюць спрычыніцца да поступу дэмакратыі, незалежнасьці й дабрабыту беларускага народу; і
ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО палітычнае й эканамічнае палажэньне ў Беларусі стаецца апошнімі гадамі ўсё горшым з прычыны груба недэмакратычнай палітыкі ужо нелегітымнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі; і
ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО Лукашэнкаў дыктатарскі рэжым парушае канстытуцыйныя асновы краіны ды сувэрэнітэт Беларусі праз шэраг пагадненьняў з Масквою, каб гэтым задавольніць Лукашэнкава асабістае імкненьне да вядучай ролі на расейска-беларускай палітычнай арэне; і
ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО ў Беларусі зьнікаюць ведамыя апазыянеры, тысячы выпадкаў беспадстаўных арыштаў і пабояў дзеячоў няўрадавых арганізацыяў і прафсаюзаў, безьліч судовых працэсаў і зьнявольваньня прадстаўнікоў апазыцыі ды незьлічоныя выпадкі гвалтаваньня правоў чалавека; і
ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО лукашэнкаўскі ўрад, у якім расейцы займаюць вядучыя становішчы, сыстэматычна праводзіць палітыку русыфікацыі мэтадам выключнага ўжываньня расейскай мовы ў афіцыйных установах і дыскрымінацыі беларускай нацыянальнай культуры, беларускамоўнай адукацыі ды сродкаў масавай інфармацыі; і
ДЗЕЛЯ ТАГО, ШТО пасярэдніцтва міжнародных установаў ( АБСЭ, Рада Эўро-пы, Парлямэнцкая Асамблея Эўропы) на карысьць дэмакратыі, правапа-радку й справядлівасьці не прынесьлі значных вынікаў (таму, што Масква падтрымвае Лукашэнку як свайго галоўнага паслугача ў Беларусі);
ДЗЕЛЯ ТАГО мы, удзельнікі 24-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, аднадушна пастанаўляем:
ПРАЦЯГВАЦЬ бараніць права беларускага народу на дэмакратыю й незалежнасьць Беларусі;
ВЫКРЫВАЦЬ праўдзівы твар лукашэнкаўскага рэжыму, што пагражае бясьпецы Заходняй Эўропы й дэмакратыям паўночна-атлянтыцкай сям'і дзяржаваў праз выконваньне ролі агента расейскага імпэрыялізму;
ПРАЦАВАЦЬ над кансалідацыяй дэмакратычнай апазыцыі да лукашэнкаўскага рэжыму як у Беларусі, гэтак і ў замежжы;
ЗАКЛІКАЦЬ амэрыканскія й канадзкія ўлады й мацней ціснуць на афіцыйны Менск, каб ён спыніў перасьлед абаронцаў дэмакратыі й нацыянальнай культуры ў Беларусі, а таксама культураў нацыянальных і рэлігійных мяншыняў, ды паважаў права краіны на незалежнасьць;
ВЫКАЗАЦЬ УДЗЯЧНАСЬЦЬ Кангрэсу ЗША за прыняцьце Рэзалюцыі 304, якая асуджае рэпрэсіі ў Беларусі ды заклікае ўрад ЗША дзейнічаць на карысьць дэмакратыі й захаваньня сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі;
ПАДЗЯКАВАЦЬ АСАБІСТА кангрэсмэнам Сэму Гэйдансану, Крыстафору Сьміту й Бэнджаміну Гільману ды сэнатарам Джэсі Гэлмсу, Бэну Кампбэлу й Рычарду Дэрбіну, а таксама спсп. Гаральду Коу, Росу Ўільсану й Джону Армстронгу зь Дзяржаўнага Дэпартамэнту ды многім іншым афіцыйным асобам ува ўрадзе Злучаных Штатаў і Кангрэсе за іхны выдатны ўклад у справу абароны дэмакратыі ў Беларусі ды незалежнасьці краіны".

На здымку: узьняцьце сьцягоў пад час адкрыцьця Сустрэчы.