Тыдзень Паняволеных Народаў у Нью Ёрку

15-га ліпеня ў Нью Ёрку прадстаўнікі нью ёрскага аддзелу БАЗА прынялі ўдзел у 43-м Маршы Паняволеных Народаў, якім адкрываўся Тыдзень Паняволеных Народаў, сёлета прысьвечаны змаганьню за свабоду Беларусі. Тыдзень штогадова праводзіцца Камітэтам паняволеных народаў, які быў зарганізаваны ў канцы 1950-х гадоў усходнеэўрапейскімі, у тым ліку беларускімі, эміграцыйнымі арганізацыямі. Мэтай Тыдню ёсьць дэманстрацыя салідарнасьці народаў, што змагаюцца з таталітарызмам, і прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці ЗША да становішча краінаў, дзе пануе дыктатура.

Гэтым разам Марш прайшоў пад дэвізам "За свабоду й незалежнасьць Беларусі", і гранд-маршалам на ім быў старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка.

Удзельнікі Маршу з Беларусі, Кубы, Чачэніі, Туркістану ды іншых краінаў прайшлі па Пятай Эвеню ў Нью Ёрку да Цэнтральнага Парку, дзе адбыўся мітынг, на якім з прамоваю выступіў гранд-маршал параду сп. Віталь Зайка. У прамове ён адзначыў неабходнасьць каардынацыі дзеяньняў эміграцыйных арганізацыяў, заклікаў прыкласьці намаганьні, каб вынік выбараў прэзідэнта Беларусі ў верасьні сёлета спыніў ганебнае панаваньне рэжыму Лукашэнкі, каб новы прэзыдэнт адрадзіў сапраўдную незалежнасьць Беларусі, каб беларусы перасталі быць паняволеным народам. У канцы прамовы прагучаў цудоўны верш Уладзімера Дубоўкі "О Беларусь, мая шыпшына!" ў выдатным перакладзе на ангельскую мову зробленым Вераю Рыч.