ЮБІЛЕЙНАЯ ІМПРЭЗА Ў ГАЙЛАНД ПАРКУ

22-га ліпеня ў памешканьні пры царкве Божай Маці Жыровіцкай ў Гайланд Парку, Нью Джэрзі, адбылося сьвяткаваньне 85-х угодкаў Старшыні Галоўнае управы БАЗА сп. Антона Шукелойця.

Сьвяточную імпрэзу вёў сп. Янка Запруднік. У кароткім слове юбіляр адзначыў, што справа беларускае незалежнасьці ёсьць стрыжневым момантам усяго ягонага жыцьця, і яму пашчасьціла асабіста ведаць шмат выдатных змагароў за Беларусь, ад аднаго з апошніх паплечнікаў Каліноўскага да сёньняшніх палітыкаў. Сп. Шукелойць сказаў: "Мае палітычныя настаўнікі казалі, што найлепшая адзнака для палітычнага дзеяча - гэта шыбеніца. Я ўдзячны лёсу, што яна мяне абмінула, і спадзяюся, што пра маю дзейнасьць будуць меркаваць па іншых крытэрыях."

Сп. Я. Запруднік у сваёй прамове адзначыў, што мы звычайна адзначаем даты паўстаньня, кангрэсаў, юбілеі арганізацыяў, але аельмі мала ўгодкаў жывых людзей, якія шмат зрабілі для беларускае справы, і якія сёньня з намі. Трэба болей такіх юбілеяў, каб мы лепей усьведамлялі сабе адданасьць і ахварнасьць нашых людзей, каб іхны прыклад быў заўсёды перад вачыма і натхняў нашую моладзь гэтак-жа рашуча ісьці нялёгкім беларускім шляхам. Асабліва гэта важна сёньня. Словам, доля цяжкая, шлях цярністы, але ёсьць зоры, што асьвятляюць гэты змагарны шлях, і да зораў гэтых належыць сп. Антон Шукелойць.

У гонар юбіляра іграў і сьпяваў вядомы кампазытар Зьміцер Яўтуховіч.

Затым былі зачытаныя прывітаньні сп. Шукелойцю. Старшыня Рады БНР сп-ня Івонка Сурвілла ў сваім віншаваньні пажадала юбіляру і ўсім нам дачакацца, калі Беларусь стане сапраўды незалежнаю.

Сп-ня Раіса Жук-Грышкевіч ад беларусаў Канады павіншавала юбіляра й адзначыла, што як студэнт віленскага ўнівэрсытэту і сябра Беларускага студэнцкага саюзу, дырэктар Беларускага музэю ў Менску, дзеяч у лягерох ДП у Нямеччыне, сябра Рады БНР і БІНіМу, настаўнік, красамоўны прамоўца - сп. Шукелойць заўсёды аддана працаваў для Беларусі.

Ад кліўляндзкіх беларускіх арганізацыяў віншаваньне даслалі а. Міхась Страпко, сп-ры Павал Васілеўскі, Янка Ханенка й Яўген Кабяка, ад супрацоўнікаў Радыё Свабода і беларусаў Чэхіі - сп. Сяргей Навумчык, ад Беларускага Кангрэсовага Камітэту - сп. Расьціслаў Завістовіч, ад цэнтру "Беларуская перспектыва" зь Менску сп-ні В. Трыгубовіч і Д. Мікульская, ад бэльгійскага сэктару Рады БНР і беларусаў Бэльгіі - сп. Янка Жучка, ад беларусаў Францыі - сп. Міхась Навумовіч, ад Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ) - сп. Адам Мальдзіс. Віншаваньні даслалі пісьменьнікі Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Кастусь Акула, а таксама сп. Мікола Грэбень, сп-ва Нюры й Уладзімера Русакоў.

З прывітальнымі словамі выступіў паэт Славамір Адамовіч, які прачытаў верш, прысьвечаны юбіляру; сп-ня Ала Кузьміцкая, якая перадала юбіляру дыплём ганаровага сябры Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Па тэлефоне юбіляра павіншаваў старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк. Ад імя празкіх беларусаў і рэдакцыі Радыё Свабода з віншаваньнем выступіла сп-ня Галіна Навумчык, ад імя новай хвалі эміграцыі - сп. Ігар Шаламіцкі, які таксама ўручыў падарунак. Ад імя нью джэрзійскага аддзелу БАЗА юбіляра павіншавалі сп-ры Янка й Юрка Азаркі й уручылі яму каштоўныя падарункі. Ад нью ёрскага аддзелу БАЗА павіншаваў сп. Віталь Зайка, ад парафіяльнае рады царквы - сп. Віктар Дубяга й а. Васіль.

З віншавальным словам выступіў старшыня БІНіМу сп. Вітаўт Кіпель, які адзначыў, што сп. Шукелойця ведаюць пяць пакаленьняў сям'і Кіпеляў-Савёнкаў. Сп. Кіпель сказаў, што юбіляр ў 1944-м годзе ўратаваў ягонае жыцьцё, калі вывез на сваім аўце з аточанага бальшавікамі Менску. Сп. Кіпель адзначыў вялікі ўнёсак сп. Шукелойця як настаўніка беларускіх школак, які поплеч з Зінай Станкевіч, спадарствам Орсаў ды іншымі настаўнікамі ўзгадоўвалі беларускіх патрыётаў у Амэрыцы. Дзякуючы яму дзеці гавораць па-беларуску.

Сп. Васіль Шчэцька сказаў, што з імём сп. Шукелойця зьвязаны ўздым, які пачаўся ў БАЗА, калі юбіляр стаў ягоным старшынём. Быў пэрыяд, калі настала зацішша, перасталі адбывацца кангрэсы, выбары рады, людзі пачалі больш цікавіцца прыватнымі справамі. Сп. Шукелойць змог заахвоціць людзей да грамадзкіх справаў, стаў годна рэпрэзэнтаваць арганізацыю. Зь ім БАЗА абнаўляецца цяпер. Ён заўсёды гатовы дапамагчы людзям, спаткаць на лёцішчы, даць параду, напісаць пасьведчаньне. Гэты чалавек горда нёс і нясе бел-чырвона-белы сьцяг, і дай Бог нашай грамадзе паболей такіх людзей.

Сп-ня Валя Якімовіч у віншаваньні адзначыла, што сп. Шукелойць - ейны самы любімы мужчына ў Амэрыцы, і засьпявала раманс на словы С. Новіка-Пеюна "Ці памятаеш ты, як мы кахалі".

Ад сябе й ад сп. Барыса Рагулі юбіляра прывітаў сп. Уладзімер Набагез. З прывітальным словам выступілі Уладыка Аляксандар (Салагуб), сп. М. Сагановіч, сп-ня Л. Сагановіч. Сп-ня Галіна Русак пажадала адсьвяткаваць у гэтай-жа залі 100-гадовы юбілей, і госьці падхапілі хорам пажаданьне "Дай Бог сто год".

Пад файную музыку сп. Яўтуховіча госьці частаваліся стравамі, прыгатаванымі сястрыцтвам і парафіяй царквы, а затым а. Васіль прапанаваў "сьвяточны пірог на замацаваньне ўсіх прыгожых пажаданьняў".

В. Зайка

Славамір Адамовіч

На 85-я ўгодкі сп. Антона Шукелойця, Настаўніка і Таварыша

Гэта нічога, што цела цяжэе -
Дух - калі ёсьць - застаецца лёгкім.
Там, на Радзіме, Волі ды-джэі
Сьмела пяроймуць нашыя ўрокі.

Там, на Радзіме, рыжая векша
Скача ля помніка Янку Купале...
Ведаю, нехта павінен быць першым,
Каб слабыя духам аднойчы паўсталі.

Вось і кульнулася лета на спадзень,
Восеньню будуць новыя песьні.
Сьпеюць белыя яблыкі ў садзе,
Нацыя сьпее, каб уваскрэснуць!

22-га ліпеня 2000 году
Нью Ёрк, Фундацыя імя Крэчэўскага