Паседжаньне Управы нью ёрскага аддзелу БАЗА

29-га верасьня адбылося паседжаньне Ўправы нью ёрскага аддзелу БАЗА. На парадку дня стаялі пытаньні аднаўленьня дзейнасьці Камітэту па набыцьці Беларускага Дому й правядзеньне заплянаваных аддзелам імпрэзаў цягам бягучага году. Было вырашана склікаць 27-га кастрычніка сумеснае паседжаньне Управы нью ёрскага аддзелу й старога складу Камітэту, з тым, каб абмяркаваць працу Камітэту за перыяд ад часу ягонага прызначэньня, актывізаваць ягоную дзейнасьць і абнавіць склад Камітэту.
Былі распрацаваныя асноўныя прынцыпы дзейнасьці Камітэту, якія замацоўваюць ягоны статус як спэцыяльны орган нью ёрскага аддзелу БАЗА, які будзе працаваць на справу будаўніцтва або набыцьця будынку на Мангатане пад грамадска-культурны цэнтар для беларускай грамады Нью Ёрку й ваколіцаў, коратка - Беларускі Дом.
Абмяркоўваліся таксама пытаньні падрыхтоўкі сьвяткаваньня Новага году, Дня Волі 25-га Сакавіка, іншыя імпрэзы, а таксама правядзеньне навагодняе лятарэі.

ПРЫНЦЫПЫ ДЗЕЙНАСЬЦІ
Камітэту па набыцьці Беларускага Дому

Праца Камітэту па набыцьці Беларускага Дому служыць стварэньню нацыянальнага беларускага грамадскага й культурнага цэнтру для горада Нью Ёрка й шырэй - для беларусаў у ЗША, што дасьць магчымасьць больш эфэктыўна весьці дзейнасьць па захаваньні й распаўсюджаньні беларускай культуры й мовы, спрыяць прапаганьдзе беларускай культуры, беларускай дзяржаўнай незалежнасьці й беларускага нацыянальнага руху сярод насельнікаў ЗША, як беларусаў, так і не-беларусаў. Адмыслова адзначаецца, што Беларускі Дом мусіць паўстаць менавіта ў Мангатане, як культурным і грамадскім сэрцы Амэрыкі.

1. Камітэт па набыцьці Беларускага Дому ёсьць сьпэцыяльна створаны орган нью ёрскага аддзелу БАЗА, які справаздачны перад аддзелам БАЗА.
2. Камітэт складаецца з прызначаных управай сябраў БАЗА, а таксама з экспэртаў, запрошаных Управай.
3. Праца Камітэту скіраваная на набыцьцё Беларускага Дому ў Мангатане мусіць улучаць у сябе:
- збор фінансавых сродкаў;
- пошук пляцу й будынку пад Беларускі Дом з мэтай набыцьця;
- вырашэньне пытаньняў крэдыту, закладной пазыкі (моргідж), юрыдычных пытаньняў.
4. Сабраныя на Беларускі Дом грошы захоўваюцца на рахунку нью ёрскага аддзелу БАЗА, атрыманымі фондамі апекуецца таксама аддзел у асобе ягонай Управы.
5. Сябры Камітэту, што не маюць магчымасьці выконваць свае абавязкі, выводзяцца з складу Камітэту і замяняюцца новымі сябрамі пастановай управы Аддзелу.
6. Супольны сход Камітэту й Управы аддзелу праводзіцца па неабходнасьці, як правіла не радзей чым раз у тры месяцы.

Прынята на паседжаньні Ўправы аддзелу 29 верасьня 2001 г.