Беларусы Нью Ёрку супраць візыту ўзурпатара

6-га верасьня ў Нью Ёрку адбылася акцыя пратэсту супраць дыктатуры Лукашэнкі, прымеркаваная да яго прыезду на 55-ю Генеральную Асамблею ААН, названую міждзяржаўнай сустрэчай тысячагодзьдзя. Беларусы Нью Ёрку правялі гэтую акцыю, каб прыцягнуць увагу да нелегітымнасьці сёньняшняе ўлады ў Менску, да парушэньняў правоў і свабодаў грамадзянаў, да этнацыду беларускае нацыі.

Акцыя пачалася апаўдні перад гатэлем Валдорф Асторыя на Парк Авеню й 50-й вуліцы, у якім спыніўся ўзурпатар Лукашэнка, які ня мае права й ня здольны рэпрэзэнтаваць інтарэсы менавіта Беларусі, а не інтарэсы ягоных маскоўскіх "начальнікаў". Стаўшы насупраць гатэлю удзельнікі мітынгу, а іх сабралася больш за 50 асобаў, разгарнулі бел-чырво-на-белыя сьцягі й выставілі плякаты, на якіх былі асноўныя патрабаваньні - "Спыніць дыктатуру ў Беларусі!", "Лукашэнка - вон!", "Не - расейскай анэксіі Беларусі!", "Жыве незалежная Беларусь!". Падчас акцыі ішоў ужывую рэпартаж для Радыё Свабода.

Недзе каля 12.30 паліцыянты праінфармавалі маніфэстан-таў, што машына з Лукашэнкам праехала з гатэлю ў штаб-кватэру ААН. Удзельнікі акцыі вырушылі туды па 1-й Авеню, дзе працягнулі акцыю, скандуючы антылукашэнкаўскія лёзунгі, высака ўзьняўшы сьцягі й выставіўшы плякаты перад шматлікімі тэлекамерамі. Назаўтра ў шмат якіх публікацыях узгадваўся пратэст беларускай дыяспары супраць прарасейскае дыктатуры ў Беларусі.