"Любові! Свабоды! Пераменаў!"

14-га пютага ў Менску ў акцыі пад такім назовам, якую ладзіла маладзёвая кааліцыя "Пераменаў!", прыняло ўдзел каля трох тысячаў чалавек. Моладзь раздавала валянтынкі-сардэчкі з цытатамі зь Бібліі пра любоў. Былі наладжаныя пэрфомансы. Арганізатары ацэньваюць акцыю як удалую. Паводле іх словаў, вельмі важна было не дапусьціць масавых сутыкненьняў і затрыманьняў. Падчас акцыі шэсьць чалавек усё-ж былі затрыманыя й два зьбітыя людзьмі ў цывільным.

Перад акцыяй моладзь павіншавала са сьвятам Сьв. Валянтына прадстаўнікоў замежных краінаў у Менску. Сустрэчы адбыліся ў амбасадах ЗША, Нямеччыны, Летувы, Польшчы, Чэхіі - усяго павіншавалі 18 краінаў. Моладзь паўсюль сустракалі ветліва. Намесьнік амбасадара ЗША сп. Кунштатэр спрабаваў размаўляць з моладзьдзю па-беларуску. Буйныя акцыі ў гэты дзень адбыліся ў Віцебску, Бабруйску, Магілёве, Берасьці, Гародні й яшчэ ў 25 гарадах Беларусі.

16-га лютага ля памяшканьня Ўправы БНФ быў затрыманы лідар "Маладога Фронту" Павал Севярынец. Яго завезьлі ў пастарунак, дзе склалі пратакол з абвінавачаньнем у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця 14-га лютага. Суд аштрафаваў яго на 150 мінімальных месячных заробкаў.