Разьвітальная вечарына

У нядзелю 23-га верасьня ў Фундацыі імя П. Крэчэўскага адбылася вечарына-разьвітаньне зь вядомым беларускім паэтам Славамірам Адамовічам, які пасьля візыту ад'яжджаў на Радзіму. Пажадаць паэту шчасьлівае дарогі сабралася немалая грамада нью ёрскіх беларусаў, зь якімі паэт пасьпеў пазнаёміцца і шмат з кім пасябраваць за час звайго знаходжаньня на гасьціннай амэрыканскай зямлі.

Славамір Адамовіч распавёў пра свае ўражаньні аб Амэрыцы, пра бліжэйшыя пляны, якія ён зьбіраецца ажыцьцявіць па вяртаньні ў Беларусь. Сп. Адамовіч сказаў, што вельмі хутка пра яго будзе чуваць ізноў, і гаварыць аб ім будуць ягоныя справы. На радасьць прыхільнікаў творчасьці паэта, ён прачытаў свае новыя вершы, якія напісаў у Нью Ёрку, а таксама шэраг ранейшых сваіх твораў з апошняе кнігі "Плавільшчыкі расы".

Вечарына прайшла ў вельмі сардэчнай сяброўскай атмасфэры, гучала шмат беларускае музыкі, жартаў. Стараньнямі нястомных спадарыняў Веры Бартуль і Алы Раманы для ўдзельнікаў вечарыны быў прыгатаваны цудоўны пачастунак за які ім вялікі дзякуй.