Калі настане час ліхі,
Калі наўзрыд заплачуць вочы, -
Не адштурхні маёй рукі:
Выратаваньне побач крочыць.

Магчыма, зьлітуецца лёс -
Ты не ўбачыш блізкіх здрады.
Як вочы не пазнаюць сьлёз,
Так сэрца не пазнае праўды.

Хто не пакутаваў, той ня жыў,
Той шчасьця кошт ня можа зьведаць.
Двайнога падбародзьдзя тлушч,
З жанчынай спаць, з гарэлкай сьнедаць.

Адсюль да шчасьця вёрстаў шмат.
Не развучыся хвалявацца,
Адчуўшы водар родных хат,
І ў грошах не шукай багацьця.

Ты адшукай яго ў сябрах.
Зьбірай іх - гэты скарб духоўны.
Ня мной пракладзены той шлях,
Але-ж на ім мой лёс збудован.

* * *

Не разьвітайся са мною апоўначы,
Не адхіліся каханымі вуснамі.
Што адбылося з табою аднойчы,
Часам здараецца ў Беларусі.

* * *

Няхай-жа зьлітуецца лёс
Над роднаю маёй краінай!
У пачуцьцях кожнага жыве
кавалачак яе цяпла.
Спадзяюся, прыйдзе час,
калі яна распраміць сьпіну.
І ўзыдуць добрымі расткі
на шэрым папялішчы зла.

* * *

Прытуліся да мяне, паплач.
Але-ж гору сьлёзы не падмога.
Сэрца хваляваньне, слоў трывога -
Гэта лёс твой. Ты яго адзнач
І не крыўдзі душу абяцанкам
У цішы палёў правесьці дні, -
Не табой узараныя яны.
Хата не твая са сьціплым ганкам.
Працаваць табе патрэбна шмат,
Каб узараць палі, зрабіць прытулак.
І ня плач, не раздавай пасулы,
А нясі цяпло да іншых хат.
Не пакрыўдзяць людзі небараку,
Рук тваіх цяпло не адштурхнуць.
Не кладзі каменьчыкі на грудзь,
Усьміхніся, і ня трэба плакаць.

* * *

Людміла Ілюшэнка