СУСТРЭЧА БЕЛАРУСАЎ НЬЮ ЁРКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ

1-га чэрвеня госьцем нью ёрскага аддзелу БАЗА быў Старшыня БНФ "Адраджэньне" сп. Вінцук Вячорка. Ён наведаў ЗША ў складзе чатырохасобавай дэлегацыі беларускае апазыцыі, якая знаходзілася ў Вашынгтоне з 21 па 26 траўня і мела сустрэчы на высокім узроўні з амэрыканскімі ўрадоўцамі і законадаўцамі.

На пачатку свайго выступу сп. Вячорка азнаёміў прысутных з вынікамі візыту беларускіх апазыцыйных дзеячоў. Ён адзначыў, што вострая рэакцыя рэжыму Лукашэнкі на гэты візыт ёсьць паказчыкам таго наколькі важныя кантакты беларускае апазыцыі з амэрыканскімі ўрадавымі ўстановамі, Кангрэсам і Сэнатам.

На жаль, сёньня ЗША - амаль адзіная дзяржава, якая ў поўнай меры разумее неабходнасьць захаваньня незалежнасьці Беларусі і сур'ёзна намераная не дапусьціць яе страты. Эўрапейскі зьвяз і Нямеччына як наймацнейшая краіна Эўропы гатовыя да кампрамісаў, часам ганебных, каб толькі задаволіць Расею і рабіць выгляд, што ў Эўропе ўсё ціха і гладка. Толькі Брытанія ды Швэцыя гатовыя заняць пасьлядоўную прынцыповую пазыцыю ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Але і гэта нямала, асабліва, калі яны будуць дзеіць супольна з ЗША ў гэтым пытаньні.

Сп. Вячорка адзначыў, што ўвага да беларускіх праблемаў з боку Сэма Гайдэнсана і старшыняў камітэтаў па замежных сувязях Сэнату і Кангрэсу сп. сп. Джэсі Хэлмса і Бэна Хілмана ёсьць пераломным момантам для падтрымкі беларускае дэмакратыі. Сп. Вячорка канстатаваў поўнае паразуменьне з амэрыканскімі прадстаўнікамі падчас візыту, у тым ліку Зьбігневам Бжэзінскім, сэнатарм Горданам Смітам, Джонам Макейнам, прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартэманту. Ён адзначыў, што ўсе прапановы беларускіх апазыцыянэраў былі сустрэтыя з энтузіязмам.

Старшыня БНФ адзначыў, што галоўнай мэтай візыту было заклікаць улады ЗША споўніць будапештцкую дамову 1994 году аб гарантыях беларускай незалежнасьці і падтрымаць чатыры ўмовы АБСЭ для правядзеньня выбараў у Беларусі, а менавіта: паўнамоцны парлямант (ВС-13), дэмакратычны выбарчы закон, доступ апазыцыі ў СМІ і на тэлевізію, зьмена палітычнай атмасфэры ў краіне. Бяз гэтых умоваў ніякія выбары ня мусяць быць прызнаныя. Апазыцыя згодная на перамовы па ўзору перамоваў польскае "Салідарнасьці" з урадам Польшчы ў 1989 годзе. Аднак Лукашэнка разумее, чым гэта скончыцца для яго і ня хоча , каб справа дайшла да такіх выбараў. Як таленавіты дэмагог ён растлумляе сваім "дыялогам" (імітацыяй перамоваў) мазгі заходнеэўрапейскім палітыкам.

Аднак з гэтага году відаць, што ініцыятыва не на баку Лукашэнкі. Апазыцыя пераадолела свае канфлікты, паказала, што беларусы здольныя супрацоўнічаць адзін з адным. Доказ гэтаму - масавыя акцыі апошняга часу, Марш Свабоды-1, Вясна-2000. На акцыях у Менску кожны раз прыходзіла больш за 40 тыс. чалавек. Акцыі Вясны-2000 прайшлі ў 21 горадзе краіны ў адрозьненьні ад папярэдніх гадоў, калі акцыі былі пераважна ў Менску. У апазыцыі сур'ёзны праціўнік, і таму ёй патрэбныя сур'ёзны падыход да палітычнай барацьбы, які ўлучае так званыя палітычныя тэхналёгіі - аналіз апытаньняў грамадзкай думкі, праца з асобнымі сэгменамі грамадзтва, выкарыстаньне формаў кантакту папулярных сярод моладзі, напрыклад, рок-канцэртаў, відэафільмаў, Інтэрнэту, налепак з лёзунгамі ды інфармацыяй. Цікава, што альтэрнатыўная маладзёвая культура ў Беларусі зьяўляецца беларускамоўнай. Так на выступах вядомых расейскіх рок-гуртоў залі напоўпустыя, а на беларускамоўныя рок-канцэрты ня ўбіцца, прадаюцца ўсе квіткі. Зьяўляецца ўсё больш незалежных друкаваных выданьняў, бюлетэняў, шмат зь іх выходзяць на правінцыі, і большасьць друкуецца па-беларуску, і пры тым клясычным правапісам (тарашкевіцай). Ціск рэжыму натыкнуўся на спружыну, якая пачынае разгінацца. Вучні беларускіх школаў пачынаюць праводзіць акцыі ў абарону сваіх правоў, свайго права вучыцца на роднай мове ствараюцца бацькоўскія камітэты беларускамоўных школаў. Калі гэта робіцца ва ўмовах дыскрымінацыі й перасьледу, дык можна ўявіць, як магла-б разьвівацца і квітнець беларуская культура ў сапраўды вольнай краіне.

На лета плянуецца палітычная мабілізацыя сілаў усіх партыяў, што ўваходзяць у апазыцыю, дапрацоўка стратэгіі, навучэньне тэхналёгіям. Неабходна аб'ехаць найменей 30 гарадоў, сустрэцца з мясцовымі сябрамі арганізацыяў, наладзіць жывы міжасабовы кантакт. Трэба працаваць з прафсаюзамі, і ня толькі рабочымі. Прадпрымальнікі робяцца важкай сілай у грамадзтве, бо яны ў большасьці складаюцца з найбольш актыўных прадстаўнікоў рабочых і інтэлігенцыі, якія заняліся дробным гандлем, і дзякуючы якім людзі ў Беларусі маюць магчымасьць набываць таньнейшы харч, адзеньне і абутак. Калі страйкуюць прадпрымальнікі, гэта адчувае ўвесь народ. Таму добры кантакт з прафсаюзам прадпрымальнімаў неабходны.

Зараз, адзначыў сп. Вячорка, рэжым пачынае даваць раскепіны і нагадвае ровар, які трымаецца, толькі калі едзе, а як спыніцца, то адразу паваліцца. Калі будзе перарваны цыкль "ціск рэжыму на грамадзтва - падпарадкаваньне грамадзтва праз страх і прымус - новы ціск", дык гэта будзе канцом панаваньня Лукашэнкі. Шмат дзе ў сілавых структурах ёсьць настроі пазбавіцца ад Лукашэнкі альбо прынамсі нічога не рабіць для яго ўратаваньня. У такой сытуацыі вельмі важна будзе не дазволіць Маскве паставіць у Беларусі яшчэ аднаго сваіго найміта. Такім можа быць, напрыклад, Ярмошын, намінальна другая асоба ў дзяржаве, якая робіцца аўтаматычна выконваючым абавязкі прэзыдэнта ў выпадку, калі нешта здарыцца з Лукашэнкам. І апазыцыя мусіць мець дастаткова сілаў, каб прадухіліць маскоўскія пляны, і выпрацаваць дакладную схему аднаўленьня легітымнай улады.

Сп. Вячорка паведаміў, што сёньня існуюць два ўзроўні апазыцыі - партыі і рухі (перш за ўсё БНФ), аб'еднаныя ў Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, і так званая "шырокая апазыцыя", у якую ўваходзяць таксама камуністы і ліберал-дэмакраты. Партыі ў складзе аб'еднанай апазыцыі пераадолелі бар'ер недаверу і стараюцца на дадзеным этапе не акцэнтаваць адрозьненьні.

На пачатку ліпеня адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сілаў (ня блытаць з Усебеларускім кангрэсам), на якім будзе выпрацаваная агульная пазыцыя ў адносінах апазыцыі да выбараў. Наконт Усебеларускага кангрэсу сп. Вячорка адзначыў, што трэба, каб вылучэньне людзей адбывалася і праз агульнадэмакратычныя працэдуры, каб падрыхтоўка была прадуманая. Толькі тады слова Кангрэсу прагучыць важка. І таму мае сэнс перанесьці яго на восень, а ў бліжэйшы час заявіць толькі аб безумоўнай падтрымцы й абароне беларускай незалежнасьці. Трэба таксама, каб падрыхтоўка вялася ў шчыльным кантакце з Радай БНР і ВС 13-га скліканьня. Падсумаваўшы свае думкі сп. Вячорка адзначыў, што настрой у апазыцыі і БНФ аптымістычны, і візыт у Вашынгтон дае яшчэ больш падстваў для гэтага аптымізму.

Потым Старшыня Беларускага Народнага Фронту адказаў на шматлікія пытаньні ўдзельнікаў сустрэчы.

Прысутныя ў той вечар ў Фундацыі мелі магчымасьць паглядзець агітацыйны відэафільм "Незвычайны канцэрт", зроблены аб'еднаньнем "Стоплукафільм", які скіраваны супраць існуючага рэжыму і быў распаўсюджаны ў дзесятках тысяч відэакопіяў.

Віталь Зайка