ВУЧЫЦЦА ЖЫЦЬ І ЗМАГАЦЦА

- вось запавет для посьпеху й дзейнасьці на Беларускай ніве, якога мы мусім трымацца. Без адпаведных ведаў нам не абысьціся.

Віталь Зайка, старшыня аддзелу, застанаўляючыся над дзейнасьцю БАЗА ў сваёй зацемцы ў "Вестках і Паведамленьнях" №424 пад загалоўкам "Выціскаючы кроў з камяня" зьвяртае ўвагу на неабходнасьць наладжваньня дашкольнага навучаньня дзяцей (беларускія садкі), а таксама курсаў для дзяцей школьнага веку. Таму што бязьдзейнічаючы ў гэтым кірунку мы не дачакаем нічога акрамя асыміляцыі.

Далей сп. Зайка, параўноўваючы нашую сытуацыю навучань-ня ў школах з латыскай, сьцьвярджае, што ў абедзьвых гэтых эміграцыях школкі існавалі, але задавальняючых вынікаў не далі, бо большасьць абсальвэнтаў у грамадзкае жыцьцё не ўліліся. Прычыну такой зьявы можна шукаць у адсутнасьці бацькоў у працэсе навучаньня й выхаваньня.

Каб больш бацькі ангажаваліся, навучаньне лепш наладжваць ў хатах, дзе зьбярэцца групка дзяцей, або, калі ёсьць такая магчымасьць, наведваць школкі ў нашых грамадзкіх цэнтрах.

У гэтым няма нічога новага, бо шмат амэрыканцаў уважае, што іхнія дзеці ў пачатковых школах не набываюць належных ведаў, і яны наладжваюць навучаньне ў сябе дома.

Таксама стварэньне бацькоўскага камітэту ня ёсьць справай апошняй, але самай важнай вымогай у атрыманьні належнага выхаваньня й беларусаведы - гэта, каб нашыя настаўнікі ўлажылі адпаведныя лекцыі-скрыпты, якія можна лёгка памнажаць. Такія лекцыі мусяць абавязкава быць у дзяцей пад рукою. Пры гэтым усе падручнікі, навучальныя матарыялы павінны быць абавязкава з патрыятычным зьместам.

Прапаную справу выхаваньня й набыцьця беларусаведы для дзяцей разглядаць на нашых зборках.

А. Міцкевіч